Шчаслівай службы, сын! Пра прыняцце сынамі Ваеннай прысягі ўражаннямі дзеляцца мамы-ляхавічанкі

Цырымонія прывядзення да Ваеннай прысягі пройдзе ва Узброеных Сілах Беларусі 25 лістапада.
А ва ўнутраных войсках МУС урачысты рытуал прынялі ўжо 11 лістапада. Клятву на вернасць Беларусі і яе народу далі больш за 2 тысячы салдатаў з усіх злучэнняў і воінскіх часцей. Сярод іх і нашы землякі.

Мікіта Саракавік праходзіць курс маладога байца ў воінскай часці 3310 у Аколіцы. На прысягу да яго прыехалі родныя і сябры. Мама Наталля Іванаўна дзеліцца з «ЛВ» уражаннямі пра важны дзень у жыцці яе сына:
– Першае ўражанне – пасталеў, здаецца, стаў вышэйшым. Змяніўся нават позірк – больш сур’ёзны. Убачыць сына ў ваеннай форме ды яшчэ са зброяй у руках было вельмі хвалююча і шчымліва. Мікіта ідзе ў страі, чаканячы крок. Глядзела на яго і ганарылася, што ён уступае ў новы этап свайго жыцця. Добра разумею, што мой сын, як і ўсе яго равеснікі, абавязаны выканаць грамадзянскі абавязак. І ўпэўнена, што зробіць гэта дастойна. Спадзяюся, што 18 месяцаў прабягуць хутка і будуць напоўнены для Мікіты каштоўнымі ўрокамі і практыкай.
Падчас урачыстай падзеі было відаць, што кожны салдацік шукаў вачыма сваіх родных. Канешне, яны вельмі чакалі і зараз хацелі быць заўважанымі.
Пасля Ваеннай прысягі ўсіх адпусцілі на суткі ў звальненне. Сын расказваў, што ў іх склаўся добры калектыў, у якім падтрымліваюць адзін аднаго і дапамагаюць. Сяржанты для іх – прыклады для пераймання. Ва ўсім дысцыпліна і няма ніякага прэсінгу. За добрую службу прадугледжаны заахвочванні. Не забаронены тэлефанаванні родным. Усё па графіку, па Статуце. Зручная форма, кормяць смачна і сытна. Шмат часу займаюцца фізпадрыхтоўкай. І гэта таксама плюс. Сапраўдны абаронца Айчыны, якога вельмі чакаюць дома.


У ляхавічаніна Данілы Тарлюка курс маладога байца закончыцца 2 снежня. Яго служба ў вайсковай часці 3214 будзе доўжыцца
12 месяцаў. Падтрымаць яго ў дзень прыняцця Ваеннай прысягі прыехалі мама, бабуля і цётка. Мама Данілы Алена Уладзіміраўна расказала пра свае эмоцыі падчас прыняцця сынам Ваеннай прысягі:

– Нават і не верыцца, што мой сын – спецназавец. Вось толькі, здаецца, скончыў універсітэт, а ўжо мае новы статус, і Канстытуцыйны абавязак для яго і ўсёй нашай сям’і напоўніўся новым сэнсам. Калі твой сын дае клятву дастойна выконваць воінскі абавязак, мужна і самааддана абараняць незалежнасць краіны, то адчуваеш гонар і хваляванне. Рытуал прыняцця Ваеннай прысягі быў вельмі ўрачыстым і шматлюдным. Гэта важны і хвалюючы момант і для Данілы, і для ўсіх яго саслужыўцаў. На памяць – цудоўны фотаздымак сына ў ваеннай форме.
Адчувалася, што бацькоў у часці чакалі, да важнай падзеі рыхтаваліся. Спадабалася відовішчнае прадстаўленне спецназаўцаў, а таксама спецыяльнага атрада хуткага рэагавання.
Галоўнае, сына і яго саслужыўцаў адпусцілі ў звальненне на суткі. Тады ён і падзяліўся, што служыцца добра, і адносіны старэйшых таварышаў таксама добрыя. І, што мяне супакоіла, так званай дзедаўшчыны няма. Адзін аднаму дапамагаюць і падтрымліваюць. І гэта вельмі важна. Як і смачныя абеды. Расказвае, што порцыі вялікія і кормяць па-дамашняму. Служаць у часці і землякі, з’явіліся сябры. Сёння можна трымаць сувязь і па тэлефоне. Вельмі чакаем свайго салдата дома!
Начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага
раёна ваеннага камісарыята горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Арцём Кірута расказаў, што зараз у прызыўнікоў маецца магчымасць адразу паступіць на службу па кантракце.
Так, у сёлетні прызыў каля 20 юнакоў з Ляхавіччыны выбралі службу па кантракце ва Узброеных Сілах і іншых воінскіх фарміраваннях.