Шчыра і ад душы. Мінулую пятніцу расквеціла свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК
Мінулую пятніцу расквеціла свята, якое віншавала-ўшаноўвала самых сапраўдных герояў – тых, хто дзеля дабрабыту іншых штодня працуе на харчовую бяспеку краіна, – работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.
У фае гарадскога Дома культуры вырашалася смачная інтрыга ўрачыстасці – чый хлебны шэдэўр заваюе сэрцы і густы прысутных.
Побач размясціліся шматлікія выставы арганізацый і прадпрыемстваў раёна – на дэгустацыйную пляцоўку запрашалі малочны і кансер-
вавы заводы, шырока прадставіла сваю прадукцыю ТАА «Яблыневы Пасад», запрашала і райпо, рэкламаваў свае паслугі «Белаграпрамбанк». А ў атмасферы луналі словы-віншаванні, сустрэчы даўніх сяброў, тых, хто ў гэты дзень па праве лічыць сябе віноўнікамі ўрачыстасці.
Час імкліва бяжыць наперад, здаецца, няма нічога пастаяннага, але ж нязменным застаюцца важнейшыя каштоўнасці жыцця – мір на зямлі, хлеб як сімвал дабрабыту і шчасця. І мы, беларусы, ведаем гэтыя простыя ісціны, ад таго шануем і паважаем няпростую працу працаўнікоў вёскі.
З Днём сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці віншаваў генеральны дырэктар абласнога камунальнага ўнітарнага вытворча-гандлёвага прадпрыемства «Брэстаблаграсэрвіс» Уладзімір Махнач. Ён зачытаў прывітальны адрас старшыні аблвыканкама Юрыя Шулейкі, адрасаваў самыя цёплыя пажаданні тым, хто нястомна працуе, каб зрабіць жыццё беларусаў яшчэ лепшым. Асобныя словы падзякі –
ветэранам працы.
Узнагароды абласной вартасці пад гучныя апла-дысменты знайшлі сваіх адрасатаў – шчыры дзякуй за адданасць справе, павагу
да зямлі! Чацвёрка механізатараў у складзе Анатолія Петуха, Аляксандра Мікуліча, Уладзіміра Сакалоўскага, Юрыя Дымара з «Жарабковіч» сёлета стала пераможцай абласнога спаборніцтва на нарыхтоўцы травяністых кармоў.
Пра тое, якімі лічбамі і падзеямі быў насычаны гэты сельскагаспадарчы год, адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык. Ён падзякаваў кожнаму, хто выбраў гэты працоўны шлях.
– І хоць год для аграрыяў быў няпростым, вытворчасць зерня з улікам кукурузы і рапсу склала амаль 92 тысячы тон. Гэта крыху менш за мінулы год, аднак сёлета меншая і ўборачная плошча. Ураджайнасць збожжавых склала 49,7 цэнтнера з гектара, гэта амаль на ўзроўні мінулага года. Цукровых буракоў вырашчана ў сельгаспрадпрыемствах і фермерскіх гаспадарках раёна 90 тысяч тон, што амаль у
1,5 раза больш мінулагодняга паказчыка, сярэдняя ўраджайнасць склала 510 цэнтнераў з гектара.
Адным з галоўных фактараў для атрымання высокіх вынікаў у жывёлаводстве з’яўляецца нарыхтоўка дастатковай колькасці якасных кармоў. На 1 лістапада на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 32,7 кармавых адзінак травяністых кармоў.
У 2023 годзе арганізацыямі раёна атрымана амаль 8 тысяч тон ільнострасты, – адзначыў Васілій Пыжык.
Ён таксама дадаў:
– Свае поспехі і ў вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі.
За 10 месяцаў надоена 51,9 тысячы тон малака (109,9 працэнта да ўзроўню 2022 года).
Павялічаны і аб’ёмы вытворчасці мяса. У Беларусі добра вядома прадукцыя, што вырабляюць нашы заводы перапрацоўчай галіны. Сённяшнія нашы дасягненні – гэта вынік сумеснай работы механізатараў, жывёлаводаў, спецыялістаў сельскагаспадарчай вытворчасці, кіраўнікоў сельгасарганізацый, фермерскіх гаспадарак, сэрвісных і перапрацоўчых прадпрыемстваў, кіраўніцтва раёна і вобласці. Дзякуй за вашу нялёгкую працу.
Па традыцыі на сцэне віталі пераможцаў раённага спаборніцтва. Граматы і Падзячныя пісьмы райвыканкама ўручаны лепшым з лепшых працаўнікоў галіны.
– Ваша работа – гэта гарантыя харчовай бяспекі беларускага народа. Сёння вы, паважаныя работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, уносіце важкі ўклад у эканамічнае развіццё Ляхавіччыны. Ваша дапамога адчувальна і ў сацыяльным сектары: дзякуючы падтрымцы прадпрыемстваў умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі і аховы здароўя. Вы робіце важкі ўклад і ў развіццё інфраструктуры ў сельскай мясцовасці. Шчыры дзякуй за вашу працу – профільную і не толькі, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч.
Шчырыя моманты ўзнагароджання працягнуліся. Прагучалі імёны сярэбраных прызёраў раённага спаборніцтва, а таксама тых, хто сёлета ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі і Падзячнымі пісьмамі райсавета дэпутатаў.
Віншавальную місію пераняла намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Таццяна Кацуба. Пад апладысменты на сцэну запрасілі ўладальнікаў трэцяй прэміі раённага спабор-
ніцтва, шчыра віталі тых, хто ўзнагароджаны граматамі і падзякамі начальніка ўпраўлення.
Да прафесійных віншаванняў далучылася старшыня райкама прафсаюза АПК Ірына Чура, і шэраг прафсаюзных узнагарод знайшоў сваіх герояў. Цёплыя словы калегам і ўзнагароды ўручыў старшыня раённага аграпрамысловага саюза Мікалай Тарлюк.
А сёлетні прыз «ЛВ» атрымаў чалавек, які інфармацыйнай падачай і аператыўнасцю, фірменным стылем афармлення навін у інстаграме трапіў у «веснікаўскае» сэрца, – намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Нача» Галіна Рамейка.
Шчырыя апладысменты – маладым спецыялістам сельскагаспадарчай галіны. Райкам БРСМ накіраваў ім віншаванні і падарункі. А вось са словамі пажаданняў і наказаў да моладзі звярнуўся ветэран працы Барыс Войцік.
Чый жа кулінарны шэдэўр аказаўся самым-самым?
Галасаванне вызначыла тройку пераможцаў наступным
чынам: «бронзавую» смакавую прыступку занялі хлебапёкі з
ААТ «Жарабковічы». Другое месца атрымаў каравай з «Начы. А вось на вяршыні – каравай ААТ «Шлях новы».
Віншавальныя сюжэты прыгожа аздаблялі артысты і калектывы самадзейнасці раёна. І спявалі, і жартавалі, і танцавалі – шчыра і ад душы!
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.