У Гайнінцы спявалі – у Маскве пачулі! Жыхар Ляхавіцкага раёна стаў удзельнікам шоу Андрэя Малахава «Прывітанне, Андрэй!»
Пра такі зорны час – стаць удзельнікам папулярнага шоу Андрэя Малахава «Прывітанне, Андрэй!» – мараць многія, а пашчасціла жыхару Русінавічаў Сяргею Сазановічу.
Анонс пра тое, што наш зямляк будзе спяваць на расійскім тэлебачанні, выклікаў павышаны інтарэс – толькі на сайце «ЛВ» навіну праглядзелі больш за 41 тысячу чалавек, плюс тэлеграм-канал «Навіны Ляхавічы – Ляхавіцкі веснік» і групы газеты ў сацыяльных сетках.
Карэспандэнт раёнкі пацікавіў-ся ў Сяргея Сазановіча, як гэта – знаходзіцца сярод зорак у эфіры папулярнай тэлеперадачы.
– Усё было настолькі цудоўна, што нават не верылася ў рэальнасць падзеі. Уражанні на ўсё жыццё! – з захапленнем пра паездку ў Маскву дзеліцца Сяргей Сазановіч.
Калі яму патэлефанавала рэдактар расійскай перадачы, ён адразу нават не паверыў ёй і прыняў за аферыстку…
Справа ў тым, што Сяргей Георгіевіч вельмі любіць сваю малую радзіму – вёску Гайнінец і штогод летам збірае аднавяскоўцаў на сустрэчу, ладзіць для іх канцэрт. Сярод іншых гучаць у тым ліку песні расійскага кампазітара Аляксандра Марозава: «Травы пахнут мятою», «Малиновый звон», «Зорька алая», «Фантазёр» і г. д.
– Аднойчы вырашыў для сябе, што, пакуль магу, абавязкова буду аб’яўляць вялікі збор і спяваць для маіх дарагіх і паважаных землякоў. У памяць пра сваіх бацькоў, – дзеліцца Сяргей Сазановіч.
Творчыя справаздачы з сустрэч ён выкладвае ў сваім акаўнце
«ВК» і ў «Аднакласніках». Спалучэнне тэмы малой радзімы з душэўнымі песнямі заў-важылі на расійскім шоу і запрасілі да ўдзелу ў перадачу, прысвечаную творчасці Аляксандра Марозава.
23 верасня тэлевізійная група з канала «Расія-1» прыбыла ў Гайнінец, дзе прайшлі здымкі сустрэчы Сазановіча з землякамі – мясцовыя жыхары з задавальненнем паўтарылі летнюю сустрэчу. Кадры гэтыя атрымаліся вельмі цёплымі і сардэчнымі.
– Сабраліся ўсе, хто змог. Здымкі доўжыліся каля шасці гадзін. У нас добрыя і жыццярадасныя вяскоўцы, вельмі шчырыя і гасцінныя, – падкрэслівае Сяргей Сазановіч.
Сваіх зямлячак ён называе пяшчотна-паважліва – жанчыны залатога ўзросту.
– Заўсёды нагадваю падрастаючаму пакаленню, каб бераглі сваіх мам, бабуль, бо без іх населены пункт страціць сваё сэрца, і не будзе гэтых цёплых пасядзелак у роднай вёсцы, – адзначае Сяргей Сазановіч.
А пасля быў аэрапорт і палёт у Маскву.
– Кожная песня Аляксандра Марозава – хіт! Спяваю іх шмат гадоў. Хваляваўся, як буду адчуваць сябе сярод медыйных гасцей. Але атмасфера перадачы настолькі добразычлівая і сяброўская! Усё проста, паважліва і шчыра. Знакамітыя госці разам падпявалі, падтрымлівалі адзін аднаго. Спевакі Сяргей Белікаў, Аляксандр Бардзін, Дзмітрый Цірольскі, Сяргей Рагожын і іншыя ўдзельнікі перадачы аднесліся як да роўнага, – успамінае здымкі Сяргей Сазановіч. Ён спяваў «Калины куст», і на сцэну да яго выйшаў сам Аляксандр Марозаў. Вядучы Андрэй Малахаў таксама высока ацаніў выступленне нашага земляка: «Выдатнае жывое і душэўнае выкананне!».
З ляхавіцкай зямлі Сяргей Георгіевіч прывёз на перадачу два прыгожыя караваі, якія выпякалі ў гандлёвым доме «Уладзімір». Ён шчыра ўдзячны за гэта памочніку дырэктара гандлёвага дома «Уладзімір» Людміле Радзюк, загадчыцы вытворчасці Людміле Кумейша і ўсім пекарам. Словы прызнання Сяргей Сазановіч адрасуе і Лідзіі Курловіч. Майстрыха са Свяціцкага СДК падарыла шыкоўны вышываны ручнік для Аляксандра Марозава.
Словы прызнання адрасуе і жонцы Людміле, якая была яго самым верным натхняльнікам у падарожжы.
На перадачы свае правілы, і многія моманты, дзе Сазановіч выказвае ўдзячнасць землякам і ўсім, хто збіраў яго ў дарогу, на жаль, не ўвайшлі ў эфір.
З песняй Сяргей Сазановіч сябруе з дзяцінства. Узгадвае, як яго, невялікага тады хлопчыка, садзілі на табурэт на вяселлі ці провадах і ставілі на калені баян. Нічога, што ногі не даставалі да зямлі, галоўнае – аднавяскоўцам падабаліся песні ў яго выкананні. Музыку ж падбіраў на слых.
У Сяргея Сазановіча з музычнай адукацыі – Ляхавіцкая музычная школа і незакончаны ўніверсітэт на факультэце музыкі і спеваў. Але ў яго выдатнае адчуванне рытму і адметныя вакальныя даныя. Дзякуючы голасу і арганізатарскім здольнасцям Сазановіча некалі запрасіў на працу ў Русінавіцкі СДК старшыня СВК Аляксандр Вітко і нават выдзеліў кватэру.
Сёння Сяргей Сазановіч – культарганізатар Тальмінавіцкага СДК, дзе некалі пачынаў творчую кар’еру ў 1978 годзе. Развівае і здольнасці ў дзяцей у Русінавіцкім СДК. Адныя з пастаянных наведвальнікаў гуртка эстраднай песні Паліна Хмарук і Надзея Кучук.
Сяргей Сазановіч вельмі любіць сваю прафесію і сваіх гледачоў –
аднавяскоўцаў і не толькі. Звычайна, спявае, як кажуць, ужывую, і толькі, калі не дазваляе надвор’е ці акустыка, тады ў ход ідзе фанаграма. Сярод творчых эксперыментаў – выкананне песні Вахтанга Кікабідзэ на грузінскай мове «Чыта-гврыта».
Сын Сяргея Сазановіча Аляксандр адзначыў, што ўдзел у перадачы «Прывітанне, Андрэй!» – высокая ўзнагарода прафесійных старанняў яго бацькі.
Доўгага вам творчага жыцця, паважаны Сяргей Георгіевіч!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.