У сустрэчы пытанняў шмат. Прадстаўнікі дэпутацкага корпуса раёна сустрэліся з калектывам Ляхавіцкага малочнага завода

Будучая электаральная кампанія, вакцынацыя і пажарная бяспека – пытанні, на якіх сканцэнтравалі ўвагу падчас сустрэчы прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса раёна з калектывам Ляхавіцкага малочнага завода.

Больш фота тут

Упершыню ў гісторыі Беларусі 25 лютага 2024 года пройдзе адзіны дзень галасавання. Беларусы аддадуць свае галасы за дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання і дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання.
– Кожная электаральная кампанія – гэта і своеасаблівы экзамен на давер, гэта наша палітычная актыўнасць і неабыякавасць да ўдзелу ў жыцці краіны. На Ляхавіччыне будуць выбірацца 27 дэпутатаў раённага Савета і 52 – сельскіх Саветаў, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч.
Клопат пра сябе і здароўе іншых – гэта і ёсць частка калектыўнай бяспекі. Тычыцца гэта і вакцынацыі. Сёння стварэнне калектыўнага імунітэту можа, у пэўным плане, даць гарантыю бесперабойнай работы любога прадпрыемства ці арганізацыі.
– На Ляхавіччыне актыўным чынам ідзе вакцынацыя супраць грыпу і COVID-19. Прыемна, што ляхавічане ўсведамляюць важнасць і не-
абходнасць такой здаровай кампаніі. Менавіта сёння ад кожнага залежыць, які адпор мы дадзім вірусным захворванням. Індывідуальная абарона чалавека – гэта значны ўклад у фарміраванне калектыўнага імунітэту. Час паклапаціцца не толькі пра сябе, але і пра тых, хто побач, – адзначыў дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Южакоўскай выбарчай акрузе № 3 галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч.
Таксама ён нагадаў пра сістэму аховы здароўя на Ляхавіччыне. Сёння для аказання якаснага медыцынскага абслугоўвання працуюць паліклініка, бальніца, ФАПы і амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Прыемна, што кадравае медыцынскае папаўненне сёлета – важкае. На Ляхавіччыну размеркаваліся 11 урачоў, якія стаяць на варце здароўя ляхавічан.
Яшчэ адзін важны аспект, да якога звярнуліся падчас сустрэчы, – пажарная бяспека.
– У гэтым пытанні не бывае дробязяў. На жаль, менавіта тое, на што мы менш звяртаем увагі, ці тое, на што не хапае часу, становіцца нагодай трагедыі. За гэты год на Ляхавіччыне здарыліся 33 пажары, агонь забраў жыцці двух чалавек. Многія грэбуюць устаноўкай АПА. А менавіта гэта ўстаноўка няхай не патушыць пажар, але ж папярэдзіць, што бяда побач. Сёння і надвор’е дыктуе свае правілы жыцця – узмоцнены вецер патрабуе большай увагі на дарозе. Пачынае падмарожваць, на рацэ фарміруецца лёд. Не лішнім будзе нагадаць сабе, што ні адзін улоў не каштуе жыцця. Навошта рызыкаваць самым дарагім! – адзначыў начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.