У групе газеты ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” ляхавічанін размясціў скаргу
У групе газеты ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” ляхавічанін размясціў запіс, у якім скарга на добраўпарадкаванне: “Па вуліцы Сонечнай паклалі “асфальт”… Паклалі так, што дарожнае пакрыццё стала ўжо вышэй агароджы! Агароджу засыпалі і запэцкалі! Насыпалі горы зямлі перад варотамі, якія пры цяперашняй тэмпературы немагчыма ўжо разраўняць! Да ўсіх дарожных работ была насыпана штучная няроўнасць, якая не дазваляла вадзе цячы з дарогі на ўчастак. А зараз увесь бруд і вада будуць у двары. На ўчастку не быў два месяцы, а тут такі сюрпрыз… І так давялося сёння адкопваць вароты, каб трапіць у двор. Заўважыў, што і слупок агароджы штурхнулі (крывы)!..”.
За каментарыем “ЛВ” звярнуўся да намесніка дырэктара КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Віталія Калупановіча, які патлумачыў, што ўкладкай асфальтабетоннага пакрыцця займалася Клецкае ДРБУ-212. Па дагаворы будаўнічага падраду ўладкаванне абочыны не ўваходзіла ў пералік работ, якія даручаліся падрадчыку. Пры наступленні спрыяльнага надвор’я работнікі камунгаса ўхіляць існуючыя недахопы. Дарэчы, камунальнікі ўжо спрабавалі зрабіць работу над памылкамі, але мінусавая тэмпература не дазваляе правесці яе якасна. Пытанне застаецца ў камунгасе на кантролі.
“Ляхавіцкі веснік” таксама будзе сачыць за сітуацыяй.