Бессімптомны вораг. 1 снежня – Сусветны дзень прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі

Штогод, у адпаведнасці з рашэннем Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) і Генеральнай Асамблеі ААН, прынятым у снежні 1988 года, 1 снежня адзначаецца Сусветны дзень барацьбы са СНІДам.
Асноўная яго мэта – данесці важнасць барацьбы з інфекцыяй; распаўсюдзіць інфармацыю аб прафілактыцы для прадухілення новых выпадкаў інфіцыравання, спосабах лячэння, прадэманстраваць салідарнасць усіх краін і падтрымаць людзей, якія сутыкнуліся з гэтым захворваннем.


ВІЧ-інфекцыя – хранічнае інфекцыйнае захворванне, што выклікаецца вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ), які пашко-джвае клеткі імуннай сістэмы арганізма.
Адразу пасля заражэння ВІЧ большасць людзей не адчувае нічога незвычайнага. Вірус пачынае размнажацца і павольна, непрыкметна разбураць імунную сістэму чалавека, але ў 20 працэнтаў людзей можа праходзіць у выглядзе вострага рэтравіруснага сіндрому. Ён можа праяўляцца павышэннем тэмпературы цела, мышачнымі і галаўнымі болямі, сыпам, павелічэннем лімфатычных вузлоў. Такі стан звычайна доўжыцца пару тыдняў, пасля чаго праходзіць. Як правіла, чалавек звязвае гэтыя сімптомы з ВРВІ або з грыпам, а не з ВІЧ-інфекцыяй. Пасля заражэння ВІЧ чалавек можа доўга выглядаць і адчуваць сябе абсалютна здаровым і пры гэтым перадаваць вірус іншым людзям. Вірус можа знаходзіцца ў арганізме некалькі гадоў, перш чым з’явяцца сімптомы захворвання. Нагадваю: СНІД не сінонім ВІЧ, а яго заключная стадыя.
У пачатковы перыяд нават тэсціраванне на ВІЧ можа даваць памылковы вынік, таму што арганізм яшчэ не выпрацаваў антыцелы да віруса. Яны з’яўляюцца ў сярэднім на працягу трох – шасці месяцаў пасля інфіцыравання. ВІЧ-інфекцыя перадаецца праз кроў – часцей за ўсё праз агульныя або паўторна выкарыстаныя шпрыцы або іголкі пры ўжыванні наркатычных сродкаў, пры пірсінгу і нанясенні татуіровак у непрыстасаваных умовах, пры выкарыстанні чужых брытвенных і манікюрных прылад; пры неабароненых палавых кантактах; ад ВІЧ-станоўчай маці дзіцяці – падчас цяжарнасці, пры родах або кармленні грудным малаком.
Непашкоджаная скура (без трэшчын, ран, сыпу) з’яўляецца эфектыўнай абаронай ад інфекцыі. Заразіцца праз пот, слёзы, сліну немагчыма пры ўмове, што ў біялагічным матэрыяле няма крыві.
Сёння дыягназ «ВІЧ-інфекцыя» не прыгавор,
а дзякуючы высокаактыўнай антырэтра-віруснай тэрапіі само захворванне перайшло ў разрад кантралюемых. Вопыт паказаў, што калі прымаць прэпараты, працягласць жыцця ВІЧ-станоўчых людзей такая ж, як у людзей, не маючых віруса ў крыві. У рамках дзяржаўнай праграмы тэрапія грамадзя-нам Рэспублікі Беларусь прадастаўляецца бясплатна.
У нашай краіне створана сістэма, якая забяспечвае максімальную даступнасць да кансультавання і тэсціравання на ВІЧ-інфекцыю. Прайсці тэсціраванне, у тым ліку ананімнае, можна ў працэдурным кабінеце паліклінікі (другі паверх, кабінет 29). Цяпер ёсць магчымасць зрабіць тэст на ВІЧ-інфекцыю ў дамашніх умовах, набыўшы ў аптэках набор для экспрэс-тэсціравання на ВІЧ па сліне.
ВІЧ-інфекцыя – пагроза жыццю і здароўю. Выбірайце бяспечныя паводзіны.

Вольга ВАСІЛЬКО,
урач-інфекцыяніст Ляхавіцкай ЦРБ.