Ну, снег, трымайся!

У апошні тыдзень восені да нас прыйшла сапраўдная зіма – з завірухай і снегападам. Непагадзь сур’ёзна ўскладніла перамяшчэнне транспарту і пешаходаў. Камунальнікі і па сёння ў прамым сэнсе разграбаюць гарадскія вуліцы. А ў рэдакцыі і райвыканкаме раздаюцца тэлефанаванні са скаргамі на тое, што тратуары на гарадскіх ускрайках, у мікрараёнах прыватнай забудовы, засталіся без ўвагі камунгаса.

Сітуацыю пракаменціраваў (https://t.me/lvesnik/28550) намеснік старшыні райвыканкама Аляксей ГАЛЯК, які да таго ж узначальвае і раённую камісію па бяспецы дарожнага руху.

Камунальнікі прыступілі да расчысткі вуліц яшчэ падчас завірухі. Паралельна з праезнай часткай расчышчаюцца і дваровыя тэрыторыі, тратуары. На апошніх працуе трактар малых габарытаў МТЗ-320 са шчоткай. Зразумела, каб правесці расчыстку ўсіх тратуараў ад снегу, патрабуецца пэўны час.
На жаль, істотна перашкаджае якаснай расчыстцы тое, што многія аўтаўладальнікі пакідаюць сваю тэхніку насупраць дома на праезнай частцы, уздоўж тратуараў ці нават на іх. Асабліва гэта адчувальна ў мікрараёнах старой забудовы, прыватным сектары, дзе вуліцы і без таго вузкія.
Таму вялікая просьба да ўладальнікаў транспарту не пакідаць свае аўто на праезнай частцы і не перашкаджаць руху снегаўборачнай тэхнікі. Як варыянт – самому расчысціць месца вакол сваёй машыны, каб, у тым ліку, не ствараць нязручнасцяў пешаходам.

АНАТОМИЯПРОБЛЕМЫ

☝️ На балансе КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” 124,3 тысячы квадратных метраў тратуараў, з іх больш за 100 тысяч – з удасканаленым пакрыццём – асфальтам ці тратуарнай пліткай.

👍 Дарэчы, каб дапамагчы камунальнікам у барацьбе са снежнымі сумётамі, беларусы запусцілі ў сацсетках чэлендж. Далучыцца да яго можа кожны: фота і відэа, на якім вы, вашы сябры, суседзі, калегі выйшлі на дапамогу камунальнай службе, загружайце ў сацсеткі з хэштэгам #убираемснег, адпраўляйце ў “Ляхавіцкі веснік”! А мы пакажам усім, на што здольныя разам!