Бязмежная ў здольнасцях. Такая, як усе. Гэта пра нашу зямлячку з аграгарадка Падлессе Ляхавіцкага раёна

3 снежня, якое ў календары пазначана як Дзень інвалідаў, жыхарка аграгарадка Падлессе Наталля Капанік лічыць датай людзей з бязмежнымі магчымасцямі. І даказвае гэта ўласным жыццём. Трэба толькі не здавацца, не замыкацца ад усіх, а ісці наперад і не спыняцца.

Наташыны выпрабаванні пачаліся яшчэ ў дзіцячым узросце, калі па захворванні атрымала інваліднасць трэцяй ступені. Але мама Святлана не апусціла рукі і рабіла ўсё магчымае, каб яе любімая дачка адчувала сябе такой, як усе: вазіла ў дзіцячы сад з Падлесся ў Баранавічы, на прыём да медыкаў, запісвала ў разнастайныя гурткі, шмат займалася і сама. Маці і дачцэ шчасціла, што ў іх жыцці былі цудоўныя педагогі, якія з разуменнем ставіліся да іх праблем. Сярод такіх дырэктар ЦКРНіР Наталля Маслоўская, настаўнік пачатковых класаў СШ № 2 Дзіяна Якубчык і многія іншыя. Усім бязмежна ўдзячныя. Як і спецыялістам аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН. Аддзяленне лічыць ці не другім домам, дзе падтрымаюць і дапамогуць. Некалі нават дамашнія заданні разам рабілі. Там яна і дні нараджэнні адзначае, развіваецца творча і ўсіх лічыць сябрамі.


– Наталля – вельмі жыццярадасная, актыўная, мэтанакіраваная, дапытлівая і нераўнадушная, адказная і добрасумленная. Яна адна з нашых пастаянных наведвальнікаў, – расказвае загадчыца аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН Святлана Несцяровіч.
У цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН, па словах Наташы, ёй дапамаглі не проста стаць на ногі, убачылі яе здольнасці і раскрылі іх. Колькі работ Наталлі красавалася на разнастайных конкурсах і атрымлівала высокую ацэнку журы.
Наталля яшчэ ад бабулі Таццяны натхнілася вышыўкай крыжыкам. Нітка не рвалася, шыўкі клаліся адзін да аднаго, крыжыкі атрымліваліся роўненькімі і прыгожымі. Спачатку былі невялікія работы, якія з цягам часу сталі больш аб’ёмнымі. Матэрыялам дапамагалі і дапамагаюць у аддзяленні, яны і тады, і зараз даюць сваёй наведвальніцы розныя заданні па рукадзеллі. І іх яна з задавальненнем выконвае.
На вышыванках дзяўчына не спынілася. Захапіла бісерапляценне. Адна з яе адметных і любімых работ у гэтай тэхніцы – ікона Калужскай Божай маці, вышытая пацеркамі па ўсіх царкоўных канонах з блаславення айца Канстанціна, які тады быў настаяцелем храма Святога Духа ў Падлессі. Зараз ікона займае там пачэснае месца. Дарэчы, у царкве Наташа выконвае абавязкі паслушніцы і званара.
Чарговае захапленне – алмазная мазаіка. З дробных элементаў збірае шыкоўныя карціны. Нядаўна, напрыклад, працавала над работай, дзе больш за 24 колеры і адценні. Але гэта не адштурхнула Наталлю, якая цярпліва ішла да мэты. Зараз карціна будзе радаваць родных. І яны, ведаючы пра хобі, месяц назад на дзень нараджэння дарылі адпаведныя падарункі. 

Да ўсёй калекцыі ўменняў Наташа жадае далучыць і вязанне, над чым зараз і працуе.
А яшчэ яна вельмі любіць паходы і экскурсіі, на якія часта адпраўляецца з сябрамі з аддзялення ТЦСАН. Дзе толькі яны разам ні пабывалі!
Пра мабільнасць сястры паклапаціўся брат Павел, які прывёз ёй электрычны веласіпед. І зараз Наташа ездзіць на малыя і далёкія адлегласці. Часта свой дзень пачынае з наведвання аддзялення ТЦСАН, а пасля адпраўляецца на работу. Работа – важны момант у яе жыцці, і за гэта вельмі ўдзячна кіраўніцтву Падлескай базавай школы. Працуе гардэробшчыкам. У яе працоўных абавязках значыцца кантроль, як пачаткоўцы апрануліся на вуліцу. І яна не выпусціць ніводнае дзіця, пакуль не ўпэўніцца, што яно апранулася так, як трэба.
Дырэктар школы Уладзімір Рачкоўскі адзначае, што Наталля Капанік працоўныя абавязкі выконвае добрасумленна, і дзеці яе любяць.
У кватэры ў Наталлі вельмі ўтульна. Мама Святлана жыве ў Клецкім раёне, і 28-гадовая дачка перадае ёй гасцінцы. Маладая гаспадыня не толькі захапляецца рукадзеллем і вядзе актыўны лад жыцця, а і трымае два дзясяткі курэй. Прыгатаванне ежы таксама не праблема. Што сама зробіць, а штосьці «дапаможа» мульціварка. Галоўнае, дзеліцца Наталля, – жаданне і адсутнасць жалю да сябе.
Наша зямлячка вельмі марыць атрымаць вадзіцельскія правы і штудзіруе Правілы дарожнага руху. Падкрэслівае, што ёй шанцуе на добрых людзей, радуецца, што яе ва ўсім падтрымлівае
і дапамагае вялікая сям’я.
Наталля адзначае, што адчувае на ўласным жыцці дзяржаўны клопат пра людзей з інваліднасцю. І гэта выказваецца не толькі ў атрыманні пенсіі па інваліднасці, ільгоце на праезд ці іншых
момантах. Паўтара гады назад Наталля атрымала сацыяльнае добраўпарадкаванае жыллё ў райцэнтры – аднапакаёвую кватэру.
– Так важна адчуваць, што ты не адзін і такі, як усе! – дзеліцца Наталля Капанік.
У сілах здаровых людзей спрасціць жыццё людзей, абмежаваных фізічна, але з неабмежаванымі сілай духу і волі. Часам ім толькі і патрэбна добрае слова, разуменне і саўдзел у жыцці.
А гэта такая дробязь у параўнанні з іх важнасцю для іншага.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.