Дзень увагі і клопату. Напярэдадні Дня інвалідаў у Ляхавічах прайшла канцэртная праграма
«Святло ў маёй душы» – так называлася музычная праграма, якая прайшла ў ГДК 29 лістапада – напярэдадні Дня інвалідаў, які ў Беларусі адзначаюць 3 снежня.
Сярод людзей з інваліднасцю нямала тых, хто сваёй прагай да жыцця зараджае іншых. Такія яны, нашы землякі з неабмежаванымі магчымасцямі. Яны вучацца адзін у аднаго, удзельнічаюць у спаборніцтвах і разнастайных мерапрыемствах, становяцца аўтарамі шыкоўных вырабаў. 23 лістапада, напрыклад, прынялі ўдзел у спартыўным свяце ў сваіх суседзяў у Ганцавічах.
Кожны крок сваіх наведвальнікаў супрацоўнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН аб’ядналі ў фотавыставу «Свет вакол даступны ўсім!». Напярэдадні дня ўвагі і клопату ў адрас людзей з інваліднасцю гучалі пажаданні здароўя і міру, і, канешне, актыўнага ладу жыцця. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень адзначыла, што на Ляхавіччыне пражывае 1 750 грамадзян, якія маюць інваліднасць. Але яны не застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі. Дзяржаўны клопат не абмяжоўваецца штомесячнымі пенсійнымі выплатамі. Яны маюць ільготы. Ім, як і ўсім, хто апынуўся ў цяжкім жыццёвым становішчы, згодна з заканадаўствам, па запыце аказваецца аднаразовая дапамога, прадастаўляецца адрасная дапамога і г. д. Так, сёлета за аказаннем матэрыяльнай дапамогі ва ўпраўленне звярнуліся 700 чалавек, сярод іх, у тым ліку, і нашы землякі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.
…Творчыя супрацоўнікі ГДК і самадзейныя артысты раёна парадавалі землякоў выступленнямі, падзяліліся душэўнай цеплынёй і цудоўным настроем.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.