Колькі гэта будзе працягвацца?Чарговыя выпрабаванні аўтамабілістам падрыхтаваў мост у Ляхавічах
Колькі яшчэ будуць пакутаваць аўтамабілісты, маршрут якіх пралягае праз мост па вуліцы Леніна ў Ляхавічах? Выбоіны, немаленькія ямы прымушаюць аўтамабілістаў да небяспечных манеўраў. Ды і для аўто такія перашкоды каштуюць падвескі і не толькі. Праблема не новая, не аднойчы яе ўзнімаў і «ЛВ». Справа ў тым, што эфекту ад ямачнага рамонту хапае на пару месяцаў. Залатаныя ямы праз непрацяглы тэрмін ізноў парушаюць гармонію язды.
Калі ж нарэшце гэта сітуацыя перастане быць праблемай? Колькі яшчэ рамотных цыклаў будуць перажываць ляхавічане?
Сітуацыю пракаменціраваў дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі:
– Канешне, сітуацыя з мостам – праблемная. Ёсць пытанні да папярэдняга рамонту. Але ж маем, што маем. Справа ў тым, што капітальны рамонт запланаваны на 2024 год, цяпер распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя. Канешне, просім прабачэння за такія нязручнасці ў вадзіцеляў,
разумеем, наколькі гэта шкодна для аўто. Але ж з-за таго, што ёсць пэўныя пытанні да ізаляцыйнай сістэмы моста, ямы і выбоіны, якія мы рамантуем, з цягам часу зноў патрабуюць увагі. Шукалі розныя варыянты: і засыпалі спецыяльнай сумессю, і асфальтам, і нават закладвалі пліткай.
Хапае на месяц-другі. Дарэчы, апошні варыянт самы даўгавечны, таму пакуль будзем выкарыстоўваць яго. Чакаем 2024 год і капітальны рамонт.