Рамонт, цяпло і газавыя трубы. Што адбывалася ў Ляхавічах вечарам у мінулы панядзелак
Вечарам мінулага панядзелка жыхары шматкватэрнікаў і дамоў некаторых вуліц горада і вёсак раёна заўважылі, што батарэі ў іх кватэрах сталі халоднымі. А на прасторах інтэрнэту з’явілася інфармацыя пра аварыйную сітуацыю на газаправодзе-адводзе да ГРС «Дарава».
«Ляхавіцкаму вес- ніку» сітуацыю пракаменціраваў намеснік галоўнага інжынера ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» Міхаіл Бабко:
– У рамках падтрымання працаздольнасці газатранспартнай сістэмы праводзяцца планавыя работы. Даныя работы праводзяцца для аналізу стану трубаправода і выяўлення яго дэфектаў. У тых месцах, дзе выяўляюцца анамаліі, трэба правяраць, ці пацверджаны яны, крытычныя ці не. У даным выпадку работы планавыя. Пачалі ад Івацэвічаў і падышлі да ўчастка газаправода-адводу ГРС «Дарава». У гэтым месцы пры ўскрыцці газаправода выяўлена, што стан дэфекта трубы з’яўляецца крытычным. Было прынята рашэнне аб замене двух метраў трубы. Для гэтага патрабавалася змяншэнне аб’ёму забеспячэння газаспажыўцоў на некаторы час.
У сувязі з правядзеннем рамонтных работ часова было абмежавана газазабеспячэнне прамысловых спажыўцоў СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», кацельні КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкай ЖКГ».
Газазабеспячэнне спажыўцоў жыллёвага фонду не парушалася.
– Газ у сістэму газаспажывання запамповаўся з дапамогай перасоўных аўтамабільных газазапраўшчыкаў. Спецыялісты рабілі ўсё магчымае, каб у кватэры ляхавічан газ паступаў бесперабойна. Падтрымліваўся ціск у газаправодах, – пракаменціраваў сітуацыю намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Аляксей Галяк.
Па некаторых адрасах жыллёвага фонду былі зафіксаваны перабоі ў падачы ацяплення.
«ЛВ» сачыў за сітуацыяй і інфармаваў землякоў пра ход работ. Напрыклад, тэмпературны рэжым у райбальніцы карэспандэнты «ЛВ» зафіксавалі ўвачавідкі. Галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч праінспектаваў палаты ў розных аддзяленнях. Сярэдняя тэмпература каля 9 гадзін вечара складала 21-22 градусы. А пацыенты адзначалі, што нават і не заўважылі, што батарэі пахаладзелі.
У палатах камфортна!
Па інфармацыі ДПА «Белпалівагаз» у работах было задзейнічана
19 рамонтна-аднаўленчых брыгад і 10 адзінак тэхнікі прадпрыемства «Брэстаблгаз», арганізавана дзяжурства на ключавых аб’ектах.
У 22 гадзіны газазабеспячэнне ўсіх прадпрыемстваў Ляхавіцкага раёна было адноўлена поўнасцю і выпаўнялася ў адпаведнасці з зададзенымі рэжымамі. Тое ж тычылася і кацельняў. А ў кватэры ляхавічан вярнулася цяпло. Дарэчы, падпісчыкі «Ляхавіцкага весніка» дзяліліся цёплымі відэасюжэтамі.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.