Даедзем і дойдзем. Толькі як? Вуліцы Ляхавічаў сталі аб’ектам маніторынгу на прадмет якасці ўборкі снегу і правядзення супрацьгалалёдных мерапрыемстваў
Закружыла-зацерушыла і прынесла шмат работы розным службам: адны чысцяць і прыбіраюць горад ад снежнай навалы, іншыя – манітораць якасць работы, падказваюць, дзе варта асабліва звярнуць увагу.
У мінулы панядзелак вуліцы райцэнтра сталі аб’ектам маніторынгу на прадмет якасці ўборкі снегу і правядзення супрацьгалалёдных мерапрыемстваў. РайЦГіЭ сумесна з «ЛВ» праехаліся-прайшліся па месцах, дзе людзей можа спасцігнуць снежна-слізкая небяспека. У полі зроку – расчыстка падыходаў і ўваходных груп розных арганізацый і прадпрыемстваў, гандлёвых аб’ектаў. Асаблівая ўвага – паркоўкам, аўтобусным прыпынкам, тратуарам і г. д.
– Разумеем, што і дарожная, і камунальная службы працуюць, лічы, у бесперапынным рэжыме. Гэта відавочна: асноўныя дарогі па горадзе і ў сельскай мясцовасці расчышчаны. На асобных участках дарога пасыпана і пясчана-саляной сумессю. Работы працягваюцца і далей, – адзначыла памочнік урача-гігіеніста Дана Багдановіч.
Аднак ёсць месцы, якія патрабуюць, скажам так, дапрацоўкі. Напрыклад, сярод убачанага ў панядзелак насцярожылі нерасчышчаныя, а часам і моцна заваленыя снегам аўтобусныя прыпынкі. Такі сюжэт убачылі, напрыклад, па вуліцы Вакзальнай (фота 2). Але варта адзначыць, што бліжэй да вечара сітуацыя змянялася: прыпынкі чысціліся. У аб’ектыў «ЛВ» трапілі сюжэты, дзе дарожнікі расчышчалі прыпыначныя пункты па вуліцы Арлоўскага (зона адказнасці ДРБУ-200). Таксама падчас рэйду былі пэўныя заўвагі да ня-
якаснай ачысткі пешаходнай дарожкі ўздож вуліцы Арлоўскага (ад кальца да вуліцы Леніна). Аднак ужо ў аўторак сітуацыю супрацоўнікі ДРБУ-200 значна палепшылі. Яшчэ раз прачысцілі дарожку, каб пешаходам было і зручна, і бяспечна.
Зразумела, што зараз снежных клопатаў шмат, таму проста нельга патрабаваць ад камунальнікаў і дарожнікаў вычысціць снег паўсюдна. Магчыма, да гэтай справы варта далучыцца арганізацыям і прадпрыемствам. Ёсць некалькі адрасоў па вуліцы Працоўнай, якім належыць яшчэ папрацаваць над расчысткай, каб нават сваім супрацоўнікам бяспечна было зайсці ў адміністрацыйныя і вытворчыя будынкі.
– Ёсць пэўныя пытанні да гандлёвых аб’ектаў. Калі, напрыклад, ганак і месца каля яго расчышчаны, то вось падыход да магазінаў і паркоўка часам зусім некранутыя лапатай!
Разумеем, што гэта зона адказнасці камунгаса, але ж не складана прайсціся з шуфлем і расчысціць, каб свае ж пакупнікі маглі камфортна зайсці ў магазін. Тым больш, у шэрагу аб’ектаў, напрыклад, і не карысталіся супрацьгалалёднай сумессю. А ў прыярытэце – бяспека! Такія заўвагі можна сказаць у адрас некаторых гандлёвых аб’ектаў мясцовага райпо, «Капеечкі» і іншых, – гаворыць Дана Багдановіч.
– Сёння мы разумеем, што ў барацьбе са снегам важныя ўсе сілы. Адразу расчысцілі ўваходныя групы магазінаў і ў горадзе, і ў сельскай мясцовасці, тэрыторыю каля іх. Разумеем, што сёння сілы камунальнай і дарожнай службаў кінуты на расчыстку снегу. Таму будзем імкнуцца расчысціць і падыходы да магазінаў, – адзначыў старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч.
Вось што безагаворачна патрабуе ўвагі – гэта пешаходныя дарожкі да ўстаноў адукацыі, асабліва да дзіцячых садоў.
– Мінулы панядзелак паказаў, што ёсць адрасы, куды не даехала яшчэ тэхніка. Напрыклад, участак паміж СШ № 2 і спартыўнай школай
Зоны ўстаноў пачышчаны і пасыпаны сумессю, а вось дарога паміж імі – месіва! Тая ж сітуацыя і на перадрыначнай плошчы , – гаворыць Дана Багдановіч.
Яшчэ адно балючае месца – гэта вуліца Камсамольская. Сама па сабе яна вузенькая. І хоць ёсць пешаходная дарожка – яна расчышчана
не якасна. Людзі ідуць па праезнай частцы. Такі сюжэт падчас рэйду зафіксавалі супрацоўнікі райЦГіЭ.
Канешне, сёння кожны можа адпіхваць ад сябе, маўляў, не мая зона – няхай камунгас ці дарожнікі чысцяць. Але і там сілы абмежаваны – і кадравым складнікам, і тэхнічным! Таму з намі нічога не станецца, калі хвіліну-другую з лапатай расчысцім падыходы да пад’ездаў, магазінаў, парковачнае месца (хаця б сваё). І па крупінках складзецца прыгожы сюжэт!
– Маніторынг паказаў, што работу нашы службы зрабілі тытанічную. Усюды даедзем і дойдзем. Аднак, каб дабрацца кудысьці, давядзецца прыкласці намаганні. Кіраўніцтву прадпрыемстваў і арганізацый накіраваны інфармацыйныя пісьмы для ўхілення недахопаў, –
адзначыла Дана Багдановіч.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.