Калі мінус з’яўляецца плюсам. На апаратнай нарадзе ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама значылася пытанне аб бягучай сітуацыі з пажарамі і надзвычайнымі сітуацыямі

Адным з прапанаваных для разгляду на чарговай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама значылася пытанне аб бягучай сітуацыі з пажарамі і надзвычайнымі сітуацыямі.

– За 11 месяцаў 2023 года на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна зарэгістравана 34 пажары, – свой даклад па тэме начальнік РАНС Юрый Буйкевіч пачаў з «гарачага».
І гэта на чатыры пажарныя здарэнні больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. У пераважнай большасці – 29 выпадкаў – пажарныя разлікі выязджалі на ліквідацыю ўзгаранняў у жылым сектары горада і раёна. Акрамя таго, мелі месца чатыры пажары на транспартных сродках юрыдычных і фізічных асоб, у адзінкавым выпадку агонь ахапіў аб’ект сельскагаспадарчай арганізацыі раёна.
Але ж самым «гарачым», бязмежна сумным з’яўляецца, калі ад уздзеяння небяспечных фактараў пажару гінуць людзі. За 11 леташніх месяцаў у раёне было тры такія выпадкі, сёлета – два, на нядаўнім пажары ў вёсцы Сваятычы загінулі дзеці.
Акрамя названага населенага пункта, у апошні месяц восені пажары ўзнікалі ў раённым цэнтры, вёсках Тухавічы і Мыслабаж. У Ляхавічах гарэла кватэра, Тухавічах – грузавы аўтамабіль, які належыць фізічнай асобе, у Мыслабажы агонь пашкодзіў жылы дом, пацярпела прыбудаваная да яго лазня.
Асноўнай прычынай сёлетніх пажараў у раёне стала неасцярожнае абыходжанне з агнём. У тым ліку, падчас курэння, выпальванні сухой расліннасці, спальванні смецця. Такога кшталту неасцярожнасць стала правакатарам
11 выпадкаў пажарных здарэнняў. Дзевяць пажараў адбылося з-за канструкцыйных недахопаў пры мантажы і няправільнай эксплуатацыі электрычных сетак і абсталявання. Было яшчэ па выпадку падпалу, дзіцячага свавольства з агнём і іншае. З прычынамі ўзнікнення чатырох пажараў кампетэнтныя органы пакуль канчаткова не вызначыліся – праверкі працягваюцца.
І ўсё гэта, нягледзячы на правядзенне сур’ёзнай работы на папярэджанне, недапушчэнне прычын і дзеянняў,
якія могуць справакаваць узнікненне пажару.
– За 10 месяцаў 2023 года агляднымі камісіямі пры сельвыканкамах і ў горадзе Ляхавічы праведзена прафілактычная работа ў 3 362 домаўладаннях, – заявіў начальнік РАНС.
Лекцыі, гутаркі, праверкі, напаміны і іншыя меры прафілактычнага ўздзеяння значацца ў арсенале аглядных камісій і, канешне ж, раённых пажарных-выратавальнікаў.
У самых жа «запушчаных» выпадках на дапамогу прыходзяць іншыя і больш дзейсныя метады ўздзеяння.
– Да грамадзян, якія сістэматычна дазваляюць сабе парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, выкарыстоўваюцца меры адміністрацыйнага прымушэння згодна з артыкулам 24.36 КоАП Рэспублікі Беларусь. Так з пачатку года да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 61 чалавек, – праінфармаваў Юрый Буйкевіч.
У 2023 годзе на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна не зарэгістравана надзвычайных сітуацый прыроднага характару. Гэта мінус тры ў параўнанні з аналагічным перыядам года папярэдняга.
І для ўсіх нас такі мінус з’яўляецца, канешне ж, плюсам.

Іван КАВАЛЕНКА.