Безагаворачныя даручэнне і выкананне. Маніторынг і абнаўленне медыцынскіх устаноў у полі зроку мясцовай улады
Высокая якасць і даступнасць медыцыны – адзін з важных паказчыкаў жыццядзейнасці грамадзян. І тычыцца гэта аднолькава і гарадскіх медустаноў, і тых, што знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. На Ляхавіччыне гэтаму пытанню – асаблівая ўвага. Маніторынг і абнаўленне медыцынскіх устаноў у полі зроку мясцовай улады.
Падчас нарады па актуальных пытаннях аховы здароўя Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 студзеня 2024 года ўхіліць усе недахопы ў галіне аховы здароўя. Асобным пунктам наказ ад Кіраўніка дзяржавы датычыў медыцыны ў вёсцы: Прэзідэнт запатрабаваў ад адказных асоб узмацніць якасць і даступнасць медыцынскай дапамогі ў вёсцы.
«Медыцына – гэта не толькі лячэнне пацыентаў, але і важны
складнік бяспекі любой дзяржавы. Без здаровай нацыі ніякай эканомікі не будзе. У любой дзяржаве эканоміка з’яўляецца фундаментам. Без дысцыпліны, без гатоўнасці правільна рэагаваць на сучасныя выклікі не будзе рэальнага суверэнітэту і незалежнасці», – падкрэсліў беларускі лідар.
На Ляхавіччыне сёлета рамонтна-абнаўленчыя работы ахапілі нямала медыцынскіх адрасоў. Маніторылі ўсё: ад касметычнага стану кабінетаў, вонкавага выгляду будынкаў да больш тонкіх медыцынскіх нюансаў – наяўнасці тэхнікі, медыкаментаў, транспарту і г. д.
Важна, што ў развіццё інфраструктуры ў сельскай мясцовасці ўкладваецца не толькі раённая ўлада, як паказала практыка, мясцовыя прадпрыемствы гатовы падтрымаць дзяржаўную
медыцыну.
Абноўлены ФАП у Зубелевічах праінспектавалі намеснік старшыні райвыканкама Галіна Бацэнка і галоўны ўрач ЦРБ Георгій Хлябовіч.
Прыгажосць навокал і ўнутры, чысціня і ўтульнасць – такое першае ўражанне.
Тут не адно дзесяцігоддзе медынскую дапамогу землякам аказвае фельчар Таццяна Шклянік. Больш за 300 чалавек сёння ў зоне адказнасці гэтай медыцынскай установы.
– У Зубелевіцкім ФАПе зрабілі касметычны рамонт: зусім па-іншаму выглядаюць кабінеты прыёму пацыентаў, працэдурная, кабінет акушэркі. Маецца месца рознічнага гандлю медыкаментамі. Зручна
для нашых пацыентаў:
пры неабходнасці выпісваем рэцэпты на лекі, атаварваем, а таксама рэалізуем па льготных рэцэптах, – расказвае Таццяна Шклянік.
А на наступны сезон у сельскія медустановы закупілі новыя транспартныя сродкі ў колькасці 15 штук: Цяпер фельчары на веласіпедах стануць больш мабільнымі. У Зубелевіцкім ФАПе такой абноўцы рады і чакаюць адкрыццё веласезона.
Дарэчы, частку расходаў па абнаўленні ФАПа ўзялі на сябе ААТ «Нача» і фермерская гаспадарка «ЖарСК».
– У плане на гэты год адкрыць яшчэ адзін ФАП пасля абнаўлення. Такім чынам, даручэнне Прэзідэнта да пачатку года выканаем. Разумеем, што чалавек, які звярнуўся ў сельскую медустанову,
не павінен быць ушчэмлены ў якасці і даступнасці дапамогі. Таму імкнёмся па максімуму аснасціць нашы ФАПы і АУАПы ўсім неабходным, зрабіць памяшканні камфортнымі. Не менш важна – кадры, таму размяркоўваем сюды нашых спецыялістаў. Дарэчы, ФАПы і АУАПы – сапраўдная школа для маладога медработніка, –
гаворыць Георгій Хлябовіч.
– Чалавек у сацыяльна арыентаванай дзяржаве павінен ведаць, што ён абаронены з усіх бакоў. Упэўненасць у заўтрашнім дні фарміруецца, у тым ліку, з многіх сацыяльна важных жыццёвых паказчыкаў. Медыцынская дапамога – гэта ўпэўненасць грамадзян, што пра іх клапоцяцца, і не толькі, калі патрэбна меддапамога. Гэта і прафілактыка – работа на папярэджанне. Таму кожная медустанова раёна павінна працаваць на захаванне здароўя нацыі – гэта аснова асноў! – адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Галіна Бацэнка.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота аўтара.