Дэгустацыя з прэзентацыяй.У некаторых установах адукацыі Ляхавіцкага раёна прайшла дэгустацыя страў з новага меню

З 1 верасня сем школ раёна далучыліся да рэспубліканскага праекта па новых тэхналогіях і прынцыпах арганізацыі харчавання. У меню навучэнцаў каля 40 новых страў з распрацаванага Міністэрствам адукацыі інфармацыйнага зборніка тэхналагічных картаў страў
і вырабаў. Адметнасць праекта ў тым, што змяненні ў падыходах да арганізацыі харчавання ўлічваюць меркаванні дзяцей і іх бацькоў.

Напярэдадні зімовых канікулаў СШ № 1 і СШ № 2, гімназія, Малагарадзішчанская і Навасёлкаўская СШ прэзентавалі на бацькоўскіх сходах некаторыя пазіцыі з новага меню. На дэгустацыйных сталах – мясныя, рыбныя, салодкія і іншыя стравы, напіткі. Так, напрыклад, былі прэзентаваны бульба, запечаная долькамі, курыныя нагетсы, піца «Школьная», салаты «Спадарыня» і «Марскі брыз», свініна, запечаная з сырам, «Рыбка пад шубкай» і г. д.
Прапанаваны да ацэнкі і напіткі «Фантастык» і «Вітамінны», маннік «Паласацік» і г. д. Гастранамічныя навінкі прыйшліся даспадобы бацькам, якія паставілі ім высокія адзнакі. Па словах галоўнага спецыяліста аддзела па адукацыі райвыканкама Марыны Глушко, дэгустацыя праведзена за кошт устаноў адукацыі, якія да яе рыхтаваліся загадзя.
Для поўнай рэалізацыі новых падыходаў у арганізацыі харчавання важным момантам з’яўляецца ўкамплектаванне харчаблокаў адпаведным тэхналагічным абсталяваннем. Ва ўстановах адукацыі з’явіліся параканвектаматы, працірачна-рэзальныя машыны, выкарыстоўваюцца слайсеры і г. д. У школы, дзе хар-чуецца вялікая колькасць дзяцей, набыты сервіровачныя каляскі, пасудамыйкі, абноўлены посуд, халадзільнікі і іншае.
З верасня 2024 года ў праект будуць уключаны і астатнія ўстановы адукацыі Ляхавіччыны, дзе, па словах Марыны Глушко, стравы з новага меню апрабуюцца ўжо і сёння.
– У новым меню прадугледжаны змены ў наборы прадуктаў харчавання, дыетыцы, прыгатаванні страў. Канешне, яны узгоднены з санітарнай службай і ўлічваюць усе падыходы, звязаныя з сучаснымі патрабаваннямі, улічаны ўзроставыя запыты і г. д. Ежа ва ўстановах адукацыі застаецца здаровай, карыснай, смачнай, і пры гэтым захаваны натуральныя і грашовыя нормы, – падкрэслівае галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Марына Глушко.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.