Ключы да дзіцячага сэрца. На Ляхавіччыне ўсё больш землякоў далучаецца да акцыі «Нашы дзеці»
Акцыя «Нашы дзеці» крочыць па Ляхавіччыне. 21 снежня ТЦСАН і раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа запрасілі дзетак з інваліднасцю на навагодні ранішнік. Гасцей сустракалі валанцёры Чырвонага Крыжа з гімназічнага атрада «Пошук».
Каб мары збываліся
Калектыў ЦДАДіМ падрыхтаваў цікавае прадстаўленне і назваў яго «Чароўныя дзверы, ці Пяць ключоў у Новы год». Казачныя героі, сярод якіх Дзед Мароз і Снягурка, Беласнежка, Варвара, Ябеда-Карабеда, Ключніца і многія іншыя, стварылі атмасферу навагодніх цудаў, у якія так важна верыць дзецям. Разам яны адправіліся ў захапляльнае падарожжа, каб знайсці ключы і адчыніць дзверы ў Новы год.
Дзяцей шчыра павіншавала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень і пажадала часцей усміхацца, верыць у казку і быць шчаслівымі.
Былі песні, гульні, карагоды і, канешне, чаканыя падарункі ад раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Іх атрымалі 87 дзетак з інваліднасцю. Тым, хто не змог прыйсці на ранішнік, падарункі перададуць асабіста.
У гэты ж дзень тром ляхавіцкім мнагадзетным сем’ям і сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці з інваліднасцю, пашчасціла прымаць Дзеда Мароза ў сябе дома. Такі падарунак падрыхтавала раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа. Да ўрачыстай дэлегацыі далучыліся сярэбраныя валанцёры ТЦСАН і прадстаўнікі РАНС. Разам з пажаданнямі здароўя і дабрабыту ўручаны і прыемныя сюрпрызы, расказала «ЛВ» старшыня раённай арганізацыі БТЧК Жанна Лешык.
Дзень 22 снежня таксама выдаўся шчырым на добрыя падзеі – у ЦДАДіМ зноў было па-навагодняму – на гэты раз ладзілася ёлка для падапечных цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Зноў дарослыя пастараліся стварыць яркае свята, каб яно засталося ў памяці дзяцей цудоўнай казкай. Рабят віталі старшыня райвыканкама Мікалай Мароз і старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч. Яны цёпла і сардэчна павіншавалі з надыходзячым Новым годам і пажадалі ўсім моцнага здароўя, радасці і спраўджвання жаданняў. Ад кіраўніцтва раёна ў адрас бацькоў і настаўнікаў прагучалі словы падзякі за штодзённую працу па выхаванні асаблівых дзяцей, якім патрабуецца крышачку больш увагі і клопату.
Падарункі ад райвыканкама і райсавета дэпутатаў узмацнілі дзіцячы навагодні настрой.
Сярод гасцей свята – і прадстаўнікі калектываў, якія за доўгі час сталі сябрамі ЦКРНіР: РАУС, райаддзела Следчага камітэта, Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння, ЦБП «Беларусбанка», малочнага завода, дырэктар «Арт-Наталі» (кафэ «Калі ласка») Наталля Лойка. Яны цвёрда ўпэўнены, што дзяцінства трэба напаўняць цудамі, а дарослыя могуць на нейкі час стаць сапраўднымі чараўнікамі. Госці ўручылі хлопчыкам і дзяўчынкам падарункі, сярод якіх салодкія пачастункі, а таксама сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ЦКРНіР. Ад раённай арганізацыі БСЖ прыемныя сюрпрызы атрымалі і бацькі.
– На Ляхавіччыне да рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» далучаецца ўсё больш нераўнадушных.Разнастайныя святочныя мерапрыемствы праходзяць у кожнай установе адукацыі. Важна падабраць ключы да кожнага дзіцячага сэрца, – адзначае галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Іна Зубік.
Здольнасці ацэнены!
Больш за дзесяцігоддзе пад Новы год на Ляхавіччыне падводзяць вынікі раённага этапу выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнгага развіцця і дзяцей з інваліднасцю. На гэты раз яго тэма – «Усе прафесіі важныя». У творчым спаборніцтве прынялі ўдзел 23 работы, прадстаўленыя 30 навучэнцамі з 14 устаноў адукацыі раёна. Пры ацэнцы вырабаў журы звяртала ўвагу на іх арыгінальнасць, якасць і эстэтычны від, адзначыла зацікаўленасць хлопчыкаў і дзяўчынак да выставы-конкурсу.
У мінулую сераду ў СШ № 1 агучылі пераможцаў выставы-конкурсу. Дыпломам I ступені ў намінацыі «індывідуальная работа» узнагароджана выхаванка ЦДАДіМ Дар’я Тарлюк. У намінацыі «групавая работа» лепшым стала арыгамі «Усе прафесіі важныя» Ксеніі Цімашкевіч з СШ № 1. Аплікацыя Арцёма Новіка з ЦКРНіР заваявала I месца ў намінацыі «сямейная работа».
Дыпломы I, II, III ступеняў пераможцам уручыла дырэктар ЦКРНіР Наталля Маслоўская. Таксама рабяты атрымалі запрашэнні на абласное навагодняе прадстаўленне.
– Такія конкурсы даюць дзецям магчымасць паверыць у свае сілы і раскрываюць здольнасці. Сэрца радуецца, калі бачу шчаслівыя вочы хлопчыкаў і дзяўчынак. Таму больш за дзесяцігоддзе наш цэнтр з інтарэсам курыруе творчы конкурс і стараецца, каб было заўважана кожнае дзіця. Асабліва прыемна, што вырабы ляхавіцкіх дзетак выходзяць і на абласны ўзровень. Так, сёлета ў абласны этап прайшлі работы Ксеніі Цімашкевіч і Арцёма Новіка, – дзеліцца дырэктар ЦКРНіР.
Традыцыйным стаў удзел у цырымоніі ўзнагароджвання кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння. І на гэта раз начальнік падраздзялення Аляксандр Кунцэвіч уручыў рабятам ад калектыву салодкія падарункі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.