Быць добрым чараўніком – проста. Дарыце дзецям шчасце! На Ляхавіччыне праходзіць акцыя «Нашы дзеці»
Шчасцем запальваюцца дзіцячыя вочы, калі хлопчыкі і дзяўчынкі сустракаюцца з навагоднім цудам і атрымліваюць падарункі.
У мінулы аўторак у дзіцячыя дамы сямейнага тыпу пастукаліся казачныя героі – Дзед Мароз і Снягурка, завіталі кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў Ляхавіччыны. Дарослыя падрыхтавалі для хлопчыкаў і дзяўчынак не толькі цікавае прадстаўленне з гульнямі і конкурсамі, а і мноства падарункаў. Ад каго яны? Ад райвыканкама і райсавета дэпутатаў, калектываў малочнага, кансервавага, торфабрыкетнага заводаў, ільнозавода, лясгаса, Ляхавіцкага ўчастка электрасувязі, раёна электрасетак і іншых.
– У Беларусі, у тым ліку на Ляхавіччыне, склалася добрая традыцыя напярэдадні Новага года наведваць дзіцячыя дамы сямейнага тыпу і сацыяльныя ўстановы і дапамагаць дзецям паверыць у казку. Прыемна бачыць шчырыя ўсмешкі дзяцей, якія адораны любоўю і клопатам, забяспечаны ўсім неабходным як з боку прыёмных бацькоў, так і з боку ўлады, – адзначае старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, які пажадаў рабятам моцнага здароўя, высокіх адзнак і спраўджвання жаданняў, а бацькам адрасаваў словы падзякі за высакародную справу – выхаванне дзяцей.
Штогод у віншавальных марафонах прымаюць удзел і прафсаюзы. І на гэты раз старшыня галіновага прафсаюза адукацыі і навукі Людміла Буцько ў рамках дабрачыннай акцыі «Прафсаюзы – дзецям» уручыла выхаванцам салодкія падарункі. Кіраўнік раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Вольга Бурак перадала маці-выхавальніцам падарункавыя сертыфікаты.
Начальнік участка электрасувязі Анатолій Лукашэвіч падкрэслівае, што ў сілах кожнага дарослага на час стаць чараўніком і падарыць дзецям, асабліва з цяжкім лёсам, цудоўны настрой.
У Ляхавічах у трох дзіцячых дамах сямейнага тыпу выхоўваецца 22 хлопчыкі і дзяўчынкі. Са жніўня па вуліцы Інтэрнацыянальнай побач з гасцінным домам Святланы і Аляксандра Страмавусаў з’явіўся і дом Марыны і Сяргея Шарапаў.
Вопыт бацькоўства ў гэтай сям’і немалы – за два дзесяцігоддзі яны выхавалі 43 дзіцяці. І на гэтым бацькі не збіраюцца спыняцца, маюць жаданне павялічыць сям’ю ў разы.
Навасельцам на рамонт ДДСТ з раённага бюджэту было выдзелена больш за 11 тысяч рублёў, і сёння для васьмі хлопчыкаў і дзяўчынак створаны ўсе неабходныя ўмовы.
Навагоднія ранішнікі – самыя чаканыя, яны асаблівыя, ахутаныя атмасферай цудаў і заўжды непрадказальныя. Па традыцыі свята для юных землякоў праходзіць у гарадскім Доме культуры – раённая ёлка сабрала хлопчыкаў і дзяўчынак, каб казка ажыццявілася.
У сапраўдную навагоднюю вандроўку па казачнай краіне адправіліся рабяты разам з героямі прадстаўлення цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Ляхавічы, ГДК. У зале дзіцячае захапленне, смех і радасць – а значыць, шчасце ёсць! Закружылі ў навагоднім карагодзе, заспявалі любімыя песні, танцавалі і бавілі час з Дзедам Марозам і Снягуркай. Канешне, прыемным сюрпрызам сталі падарункі ад раённай улады – якое свята без салодкасцяў!
Дабрачынны марафон працягваецца. Паспейце стаць чараўніком для дзяцей!