І хобі, і прафесія, і лад жыцця.Ляхавічанка Вольга Краўчанка 80-годдзе сустракае ў выдатнай спартыўнай форме
Cваё захапленне Вольга Краўчанка зрабіла прафесіяй і шмат гадоў выкладала фізкультуру ў Ляхавіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Навучальная ўстанова стала яе першым і адзіным месцам працы пасля заканчэння ў 1965 годзе Беларускага дзяржаўнага інстытута фізічнай культуры. Тут жа нейкі час пасля атрымання дыплома педінстытута выкладала і біялогію, але зразумела, што гэта вучэбная дысцыпліна зусім не па яе гусце.
Захапляцца спортам Вольга Краўчанка пачала яшчэ ў школьныя гады.
– У сям’і нас было пяцёра, і даводзілася шмат дапамагаць маме па гаспадарцы. Работы не баялася – секла ці піліла дровы, выконвала іншую працу, – узгадвае Вольга Афанасьеўна.
Сялянская праца загартавала і выпрацавала ў дзяўчынкі настойлівасць, без чаго ў спорце не абысціся. Валявой і актыўнай школьніцы, якая займалася веласпортам,
і далі накіраванне ў інстытут фізічнай культуры. Пасля яго заканчэння магла паехаць у Старобін, але выбрала Ляхавічы. Так дзяўчына з Гомельшчыны знайшла сябе на Брэстчыне. Апантанасць спортам перадавала і тэхнікумаўскім навучэнцам, якіх рыхтавала да спаборніцтваў на розных узроўнях. Каманда лыжнікаў пад яе кіраўніцтвам на Брэстчыне займала толькі першыя месцы. Выступала на эстафетах і сама: плаванне, кіданне гранаты, бег, але сапраўднае задавальненне адчувала, калі імчала на лыжах ці іграла ў тэніс. Сёння пра тыя часы нагадваюць шматлікія медалі, сярод якіх на ганаровым месцы «За працоўную доблесць». Вольга Афанасьеўна мае другі дарослы разрад па бегу, першы разрад па лыжах.
І пасля выхаду на заслужаны адпачынак наша зямлячка – ветэран працы – свае спартыўныя маршруты прадоўжыла.
Шэсць гадоў назад, калі ёй было 74 гады, увайшла ў склад каманды Брэстчыны і прыняла ўдзел у Міжнароднай спартакіядзе сярод ветэранаў і кіраўнікоў ветэранскіх арганізацый фізічнай культуры і спорту. Ізноў паказала майстар-клас па тэнісе.
Вольга Афанасьеўна ўдзячна калектыву ДЮСШ і яе дырэктару Валянціне Русакевіч, якія заўсёды з ёй на сувязі.
Сёння наша зямлячка не адыходзіць ад экрана тэлевізара і сочыць за спаборніцтвамі па біятлоне ў Раўбічах. Спадзяецца, што зможа,
калі дазволіць здароўе, стаць на лыжы наступнай зімой. Пакуль жа яна «вымушана» быць сярод прыхільнікаў скандынаўскай хадзьбы.
Спорт для яе – сэнс жыцця і здароўе. А па яе перакананні – і рэцэпт даўгалецця. У суботу, 13 студзеня, Вольга Краўчанка адзначае цудоўны юбілей – 80-годдзе. Як і заўсёды, тэлефон не будзе маўчаць – шматлікія віншаванні паступяць ад сяброў і былых навучэнцаў.
Даўгалецця вам, паважаная Вольга Афанасьеўна!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.