Калядная алімпіяда для дзяцей прайшла на базе Ураджайнінскай сельскай бібліятэкі
Чарговая Калядная алімпіяда адбылася 2 студзеня на базе Ураджайнінскай сельскай бібліятэкі. Традыцыя правядзення такіх духоўных інтэлектуальных спаборніцтваў для дзяцей з прыхода храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў в.Дарава ўзнікла ў снежні 2013 года, і з той пары штогод збірае выхаванцаў нядзельных школ Ляхавіччыны. З цягам часу геаграфія пашырылася і да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі Баранавіцкага раёна.
Сёлета, у адзінаццатай па ліку алімпіядзе, дэманстравалі свае веды каля 30 рабят з 7 нядзельных школ: Дараўскай, Дарава-Чыжскай, Ураджайнінскай, Падлескай, Жарабковіцкай, а таксама школ прыходаў храма Святой Блажэннай Валянціны Мінскай і храма Святога Благавернага Аляксандра Неўскага г. Баранавічы.
Традыцыйна заданні алімпіяд складаюцца з адкрытых і закрытых пытанняў, крыжаванкі і напісання эсэ. Удзельнікі дэманстравалі свае веды Закона Божага і пісьмова разважалі аб сэнсе свята Раства. Галоўную ўзнагароду – кубак – у гэтым годзе атрымаў Аляксей Дыдышка, выхаванец Падлескай нядзельнай школы, а прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: 1-е месца – Паліна Пазейчук (Жарабковічы), 2-е – Таццяна Пакунова (Баранавічы), 3-е – Юліяна Цэбрук (Дарава). Пераможцай у намінацыі “Лепшае сачыненне” стаў Кірыл Каратай з Дараўскай нядзельнай школы. Памятныя прызы і падарункі атрымалі ўсе ўдзельнікі алімпіяды.
Дарэчы, шматгадовае цеснае супрацоўніцтва бібліятэкара Ураджайнінскай сельскай бібліятэкі Таццяны Зелянко і настаяцеля храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў в.Дарава іерэя Іаана Ніканчука з’яўляецца сапраўды плённым: у 2023 годзе бібліятэка па выніках IХ Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання” была адзначана дыпломам І ступені ў намінацыі “Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і моладзі” менавіта за вопыт работы па правядзенню Калядных алімпіяд. Спадзяемся, паспяховае супрацоўніцтва будзе і далей выклікаць вялікую зацікаўленнасць да сваёй духоўнай спадчыны ў маладога пакалення і чакаем новых прыемных сустрэч.
Лізавета Мацулевіч,
заг. аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці
Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі.