На пытанне, якім 2023 год стаў для жывёлагадоўлі раёна, «ЛВ» адказаў першы намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама
На пытанне, якім 2023 год стаў для жывёлагадоўлі раёна, «ЛВ» адказаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык.
– Адназначна, мінулы год для жывёлагадоўлі Ляхавіччыны прайшоў на пазітыўнай ноце. Спынюся толькі на асноўных момантах. Вытворчасць малака склала 111 працэнтаў да ўзроўню 2022 года пры запланаваных 109 працэнтах. Асабліва істотна плюсанулі СУП «Ліпнянка» (валавы надой вырас у 3,4 раза), ААТ «Шлях новы» – 124 працэнты, СВК «Ляхавіцкі» – 111 працэнтаў. У сярэднім у гаспадарках раёна летась ад кожнай каровы надоена 6 083 кілаграмы малака, што на 438 кілаграмаў больш, чым пазалетась. Лідары ўсё тыя ж: «Ліпнянка», «Шлях новы», «Ляхавіцкі». На станоўчыя моманты ў малочнай галіне паўплываў шэраг фактаў. Адну з галоўных роляў адвяду належнай кармавой базе. Тут пастараліся ўсе сельгаспрадпрыемствы Ляхавіччыны, таму летась ні адна гаспадарка не закупляла ні сянаж, ні сілас – нарыхтавалі столькі, што хопіць не толькі да наступнага кармавога ўраджаю, а і далей. Дарэчы, пасеялі больш за чатыры тысячы гектараў люцэрны – аднаго з самых высокіх па ўтрыманні бялку кармоў, гэта значна паўплывала на якасць кармавой базы і дазволіла на некаторых участках збіраць да пяці ўраджаяў за сезон. Безумоўна, сваю ролю адыгралі жывёлагадоўчыя наваселлі. У мінулым годзе ўвялі ў дзеянне новыя МТФ – у «Ліпнянцы», «Жарабковічах», «Шляху новым». Таксама рэканструяваны пляцоўкі для выгулу маладняку БРЖ у «Жарабковічах», «Ляхавіцкім», «Белазем’і», «Шляху новым». Узведзены ці капітальна адрамантаваны шэраг іншых сельгасаб’ектаў, – адзначыў Васілій Пыжык.