Дэпутаты зарэгістраваны. Пачынаецца агітацыя. У Ляхавіцкім раёне прайшлі першыя пасяджэнні ўчастковых выбарчых камісій

Да старту правядзення першага ў гісторыі суверэннай Беларусі адзінага дня галасавання засталося менш за месяц. Як адзначыў Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, выбарчая кампанія праходзіць спакойна, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам і каляндарным планам. Тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі працуюць зладжана ў цесным узаемадзеянні з ЦВК.

На мінулым тыдні завяршыўся яшчэ адзін адказны этап – участковыя выбарчыя камісіі сфарміраваны. 26 студзеня ў Ляхавіцкім раёне прайшлі першыя пасяджэнні ўчастковых выбарчых камісій. Нагадаем, што на Ляхавіччыне створана 27 камісій. На пасяджэннях члены камісій атрымалі агульныя інструкцыі па рабоце, інфармацыйны матэрыял і, канешне, пасведчанні.
Раённая выбарчая камісія праверыла дакументы асоб, якія вылучыліся кандыдатамі ў дэпутаты і 30 студзеня зарэгістравала 54 кандыдаты ў дэпутаты раённага Савета дэпутатаў. Кандыдаты атрымалі адпаведныя пасведчанні.
На гэтым тыдні будуць абнародаваны імёны зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў.
З 31 студзеня кандыдаты ў дэпутаты пачнуць перадвыбарную агітацыю, якая завершыцца 24 лютага. Аддаць свой голас за таго ці іншага кандыдата можна падчас датэрміновага галасавання з 20 па 24 лютага (з 12 да 19 гадзін без перапынку) і ў адзіны дзень галасавання – 25 лютага (з 8 да 20 гадзін).
З 31 студзеня члены ўчастковых выбарчых камісій пачнуць удакладняць спісы выбаршчыкаў. Гэтымі днямі ў дамы і кватэры жыхароў раёна могуць завітаць члены камісій, каб удакладніць імя, імя па бацьку і прозвішча, дату нараджэння і адрас рэгістрацыі. У кожнага члена камісій ёсць адпаведныя пасведчанні.
Выбаршчык мае права з 9 лютага самастойна наведаць памяшканне ўчастковай камісіі і праверыць, ці ўключылі яго ў спісы для галасавання, ці дакладныя там звесткі аб грамадзяніне.