Вуліца падае сігнал аб дапамозе. Праблему дрэннага стану ляхавіцкай вуліцы ўзняла жыхарка вуліцы 60 гадоў Кастрычніка

Вуліца, дарога, ямы – асноўныя складнікі чарговага звароту на гарачую лінію «ЛВ».
На гэты раз праблему дрэннага стану гарадской вуліцы ўзняла жыхарка вуліцы 60 гадоў Кастрычніка, што ў Ляхавічах.

Па словах гараджанкі, каторы год запар дарожнае пакрыццё вуліцы – гэта яма на яме. Стан дарогі пагоршыўся пасля таго, як некалькі гадоў назад тут пракладвалі оптавалакно. Канешне, жыхароў вуліцы не задавальняе такі стан дарог, калі ні прайсці, ні праехаць, асабліва адчувальныя нязручнасці пасля таго, як пройдуць дажджы ці растае снег. Жанчына расказала, што неаднойчы звярталіся ў розныя службы, у тым ліку і КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», на чыім балансе і знаходзяцца вуліцы райцэнтра. Так, прыязджала тэхніка камунгаса, грэйдзіравала дарогу, але рабілі гэта не так часта, ды і якасць работ не вельмі задавальняе жыхароў вуліцы, як і адпіскі, што атрымліваюць ад некаторых службовых асоб. Заяўніца пацікавілася, калі ўсё ж вуліца 60 гадоў Кастрычніка, у рэшце рэшт, дачакаецца капітальнага рамонту і праезная частка апранецца ў асфальт.
Сітуацыю патлумачылі ў аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама.
– Пачну з таго, што першымі пад капітальны рамонт трапляюць вуліцы, па якіх назіраецца найбольш інтэнсіўны дарожны рух і якія
ўжо раней асфальтаваны. Што тычыцца вуліцы
60 гадоў Кастрычніка, то для таго, каб перавесці дарожнае пакрыццё з аднаго віду на другі – пакласці там ас-
фальт – неабходны немалыя грашовыя сродкі, без фінансавання з абласнога бюджэту тут не абысціся. І на бліжэйшыя гады асфальтаванне менавіта гэтай вуліцы не плануецца. Адносна бягучага рамонту, у прыватнасці, падсыпкі – работы выконваюцца. І ў бліжэйшы час, як толькі дазволяць умовы надвор’я, падсыпка зноў будзе праведзена сіламі камунгаса. Грэйдзіраванне дарог праводзіцца па меры неабходнасці, але не радзей як адзін раз у месяц. Работы, як азначалася вышэй, праводзіць Ляхавіцкая ЖКГ, кантроль ажыццяўляе наш аддзел, – расказала началь-
нік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.

Галіна КАНЬКО.