Запрашэнне на выбары. Навучэнцы Ляхавіцкага аграрнага каледжа далучыліся да інфармацыйна- асветніцкага праекта «Паштоўка.БЕЛ»

Калі пачынаецца датэрміновае галасаванне, і што трэба ведаць маладому выбаршчыку, як правільна запоўніць бюлетэнь, каб ён быў прызнаны сапраўдным, – пра гэта і пра многае іншае ішла размова ў Ляхавіцкім аграрным каледжы падчас дыялогавай пляцоўкі, прысвечанай адзінаму дню галасавання.

Райкам БРСМ і Маладзёжны парламент пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў у мінулы чацвер сустрэліся з навучэнцамі 31 «вет» групы. Інспектар аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Дзіяна Бурак прэзентавала праект Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь «Беларусь будучыні», накіраваны на павышэнне зацікаўленасці моладзі электаральнай кампаніяй.


Юнакам і дзяўчатам, якія ўпершыню прымуць удзел у галасаванні, расказалі, што на выбарчы ўчастак яны павінны прыйсці з пашпартам ці іншым дакументам, які сведчыць асобу. Пры запаўненні бюлетэня трэба паставіць любы знак у квадраце насупраць прозвішча кандыдата, за якога галасуеш, або ў квадраце
«Супраць усіх». Навучэнцам таксама нагадалі, што датэрміновае галасаванне пройдзе з 20 па 24 лютага з 12 па 19 гадзін.
З дапамогай тэста «Азбука грамадзяніна» першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Дземідовіч замацавала веды моладзі і прапанавала дзелавую гульню па падрыхтоўцы законапраекта па тэме «Забарона продажу вэйпаў».
У гэты ж дзень навучэнцы каледжа далучыліся да інфармацыйна- асветніцкага праекта «Паштоўка.БЕЛ», арганізаванага БРСМ, Цэнтрвыбаркамам, Міністэрствамі інфармацыі і сувязі і інфарматызацыі праз РУП «Белпошта».
З дапамогай імянной паштоўкі каляджане запрасілі сяброў і родных на адзіны дзень галасавання. Юнакі і дзяўчаты старанна падпісвалі арыгінальныя запрашэнні-каляндарыкі, якія паштальёны даставяць адрасатам у шматлікія рэгіёны Беларусі. Крэатыўная мала-
дзёжная акцыя накіравана на тое, каб чарговы раз нагадаць насельніцтву пра канстытуцыйнае права выбіраць і адказнасць кожнага грамадзяніна за будучыню краіны.
Кіраўнік маладзёжнага атрада аховы правапарадку каледжа трэцякурснік Ягор Клокель, напрыклад, адправіў прывітанне ў Нясвіж свайму бацьку. Ягор прызнаецца, што сам пакуль не дасягнуў выбарчага ўзросту, а родны чалавек абавязкова аддасць свой голас за дастойных кандыдатаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.