Месца сустрэчы ранейшае. Пытанні новыя. Сход па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння ў Навасёлкаўскім сельсавеце адбыўся ў мясцовым СДК

Сход па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння ў Навасёлкаўскім сельсавеце адбыўся ў мясцовым СДК. Летась на такім жа сходзе сярод іншых уздымаліся пытанні якасці пітной вады ў вёсках Каранеўшчыне і Ураджайнай, праблемы з напорам вады ў вода-
праводзе ў Пранчаках па вуліцы Садовай, магчымасці медыцынскага абслугоўвання жыхароў Ураджайнай і Бажкоў замест Дараўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі ў Навасёлкаўскай АУАП. Прадстаўнікі камунальнай службы і Ляхавіцкай райбальніцы тады паабяцалі разабрацца ў сітуацыі і знайсці вырашэнне.
Пачнём з вады. Як і абяцаў дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі, у 2023 годзе пабудаваны станцыі абязжалезвання ў Каранеўшчыне і Ураджайнай. Старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама Аляксандр Мацюшэнка пацвярджае: якасць вады з увядзеннем у эксплуатацыю станцый абязжалезвання істотна палепшылася. Усё ў парадку і з напорам вады. Акрамя таго, па словах Аляксандра Мацюшэнкі, летам, калі былі часовыя праблемы з падачай вады ў Навасёлках, кіраўніцтва «Шляху новага» фінансавала падвоз камунгасам вады для забеспячэння патрэб насельніцтва. І ў працяг тэмы – сіламі сельгаспрадпрыемства адна са свідравін, якія на балансе гаспадаркі, прачышчана летась, прачыстка яшчэ адной запланавана сёлета. Сярод праблемных момантаў, узнятых аграгараджанамі і вяскоўцамі летась, таксама станоўча вырашаны электраасвятляльныя: па вуліцы Разіна ва Ураджайнай заменена аварыйная электрычная апора, на вуліцы Цяністай у Навасёлках ліхтар адрамантаваны. Па выніках сходу-2023 прадастаўлена па заяўцы месца для выпасу свойскай жывёлы каля вёскі Вялікая Лотва, дэманціравана пераходнае ўладкаванне па вуліцы Ленінскай ва Ураджайнай. Увогуле з дзевяці пытанняў на працягу
мінулага года вырашаны восем.
Так і не з’явіўся дах на аўтобусным павільёне ў Навасёлках.
Павышэнне ўзроўню жыцця землякоў, добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі, клопат пра чалавека, выкананне сацыяльных стандартаў, арганізацыя вольнага
часу, пытанні адукацыі і аховы здароўя – асноўныя напрамкі работы Навасёлкаўскага сельвыканкама, пра што і гаварыў старшыня сельскага дэпутацкага корпуса Аляксандр Мацюшэнка.
Дырэктар ААТ «Шлях новы» Андрэй Коктыш расказаў не толькі пра вытворчыя паказчыкі прадпрыемства, пра тое, што ўдалося не толькі захаваць калектыў, але і павялічыць яго колькасць, падрасла заработная плата, палепшыўся дабрабыт працаўнікоў,
і людзі, якія калісьці звольніліся, пачалі вяртацца ў гаспадарку.
Кола пытанняў, якія на сёння цікавяць тутэйшых жыхароў, звычайнае і тычыцца ў асноўным камунальных, дарожных, бытавых тэм. На парадку дня таксама ахова здароўя, адукацыя, навядзенне парадку, газа- і электразабеспячэнне. Жыхар Ціткаўшчыны ўзняў тэмы рамонту водаправода ў вёсцы, падключэння электраацяплення. Наконт апошняга пытання начальнік раёна электрасетак Віктар Станкевіч патлумачыў, што на 2024 год запланаваны выраб праект-
най дакументацыі на рэканструкцыю электрычных сетак у гэтай вёсцы, а на 2025 год – самі работы. Аграгараджанка звярнулася да кіраўніка РЭС з просьбай па аднаўленні работы некаторых ліхтароў па вуліцы Зялёнай у Навасёлках. Дыскусія разгарнулася наконт таго, чаму не затрымліваюцца маладыя медыкі ў медустановах сельсавета. Вось і на сёння, па словах намесніка галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Міхаіла Куляшова, не ўкамплектавана пастаянным урачом Навасёлкаўская амбулаторыя, сюды па чарзе прыязджаюць урачы з іншых медустаноў. Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз адзначыў, што справа далёка не ў жыллёвым пытанні –
усе маладыя спецыялісты па жаданні забяспечваюцца ці арэндным жыллём, ці месцам у інтэрнаце ЦРБ.
І ў населеных пунктах Навасёлкаўскага сельсавета востра стаіць праблема бадзяжных і не толькі сабак. Неадзінкавыя выпадкі, калі сабакі з ашыйнікамі кусаюць людзей ці проста, збіўшыся ў зграі, палохаюць дзяцей і дарослых. Начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Хмарук падкрэсліў, што гэта пытанне неаднаразова ўздымаюць жыхары як сельскіх населеных пунктаў, так і горада. Таксама ён чарговы раз звярнуўся да вяскоўцаў з заклікам быць уважлівымі і не трапляць на вудачку махляроў, як тэлефонных, так і тых, хто ходзіць па дамах і прапануе купіць ці прадаць розныя рэчы. Неаднойчы падчас сходу даводзілася чуць і падзякі ў адрас кіраўніцтва як раённай, так і мясцовай улады, «Шляху новага», а таксама камунальнай і дарожнай службаў. Што сведчыць пра ўзрастаючы давер насельніцтва да мясцовай улады і, як падкрэсліў Мікалай Мароз, пацвярджае неабходнасць такіх сходаў, дзе вырашаюцца надзённыя праблемы, узнятыя грамадзянамі.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч заклікаў землякоў актыўна ўключыцца ў электаральную кампанію, зрабіць свой асэнсаваны выбар у адзіны дзень галасавання
ці падчас датэрміновага галасавання.

Галіна КАНЬКО.