Адзёр атакуе. Інфекцыя перадаецца пры кашлі чханні, размове і пры дыханні

Адзёр – высокакантагіёзнае вострае віруснае захворванне,
якое перадаецца паветрана-кропельным шляхам і можа прыводзіць да сур’ёзных ускладненняў і смяротнага зыходу.

Інфекцыя перадаецца пры кашлі чханні, размове і пры дыханні. Крыніцай інфекцыі з’яўляецца хворы чалавек. Сімптомы хваробы звычайна праяўляюцца праз 10–14 дзён пасля кантакту з вірусам.
Захворванне пачынаецца з павышэння тэмпературы цела, катаральных сімптомаў. Спецыфічнымі сімптомамі для адру, якія з’яўляюцца праз некалькі дзён ад пачатку захворвання, з’яўляюцца: кан’юнктывіт (пачырваненне вачэй, слёзацячэнне, боязь святла), высыпанні ў выглядзе дробных белых плям на ўнутранай паверхні шчок (падобныя на крупінкі манкі, акружаныя чырвонай аблямоўкай), пляміста-папулёзны сып ружовага колеру, схільны да зліцця (спачатку з’яўляецца за вушамі, на твары, шыі, затым на тулаве, а на наступны дзень – на верхніх і ніжніх канечнасцях).
Найбольш частымі ўскладненнямі адру з’яўляюцца інфекцыі дыхальных шляхоў (бранхіт, пнеўманія), атыт, паражэнне галаўнога мозга (энцэфаліт, менінгаэнцэфаліт). Перанесены адзёр
фарміруе трывалы пажыццёвы імунітэт.
Захворванне можна прадухіліць пры дапамозе вакцынацыі. Пры кантакце з хворым чалавекам мерай прафілактыкі, якая дазваляе значна палегчыць цячэнне захворвання і прадухіліць развіццё ўскладненняў, служыць тэрміновая вакцынацыя непрышчэпленага дзіцяці або дарослага вакцынай супраць адру.
Вакцыны супраць адру валодаюць высокай эфектыўнасцю. Пасля
ўвядзення адной дозы ў больш чым 95 працэнтаў прышчэпленых фарміруецца доўгачасовая імунная абарона арганізма, пасля ўвядзення другой дозы эфектыўнасць дасягае практычна 100 працэнтаў. Такім чынам, для забеспячэння працяглай
абароны патрабуецца дзве дозы вакцыны. Вакцынацыя дзяцей праводзіцца ва ўзросце 1 і 6 гадоў.
Калі ўсё ж захварэлі на адзёр, нельга займацца самалячэннем, трэба тэрмінова звярнуцца па медыцынскую дапамогу, выклікаць на дом урача. Да яго прыходу трэба зменшыць кантакты са сваякамі, знаёмымі і іншымі людзьмі да мінімуму. Пры кашлі і чханні прыкрываць рот і нос, выкарыстоўваючы насоўку або сурвэтку, часцей мыць рукі вадой з мылам.

Вольга ВАСІЛЬКО, урач-інфекцыяніст ЦРБ.

Са снежня 2023 года ў Брэсцкай вобласці выявілі амаль
200 выпадкаў адру, большасць – у Брэсце і Брэсцкім раёне. Хварэюць у асноўным маладыя людзі да 30 гадоў і дзеці з 7 гадоў. Восем з дзесяці ніколі не прышчапляліся ад адру, адзначаюць у абласным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.