Тысячы кіламетраў да міру, тысячы доказаў у імя міру. 15 лютага адзначаецца 35-годдзе вываду савецкіх войскаў з Афганістана. «ЛВ» сустрэўся з пракурорам Ляхавіцкага раёна, у чыім лёсе таксама быў Афган…
Сёлета 15 лютага адзначаецца 35-годдзе вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Напярэдадні памятнай даты «ЛВ» сустрэўся з пракурорам раёна Ігарам Палыкам, у чыім лёсе таксама быў Афган…
Сёлета спаўняецца 35 гадоў з таго дня, калі апошні савецкі салдат пакінуў апаленую вайной афганскую зямлю. 15 лютага – урачысты дзень з адценнем смутку, са слязамі і болем у сэрцах. Жывыя яшчэ маці тых, хто не вярнуўся дамоў з Афгана, стаяць у парадным страі сівыя мужчыны, якія ў 80-я гады мінулага стагоддзя былі юнакамі. Беларусь і беларусы шануюць і помняць тых, хто не здрадзіў воінскай прысязе. 15 лютага ў нашай краіне пазначана як Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Усяго ў гады баявых дзеянняў у Афганістане са снежня 1979-га па люты 1989-га знаходзіліся 77 жыхароў Ляхавіцкага раёна, трое з іх загінулі, выконваючы воінскі абавязак.
1984 год. Да знамянальнай даты 15 лютага 1989 года – вываду савецкіх войскаў з Афганістана – яшчэ доўгія пяць гадоў, сотні забітых і пакалечаных салдатаў і афіцэраў, якія выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак на чужой вайне. А 18-гадовы юнак з Баранавічаў Ігар Палыка толькі-толькі прызваўся на тэрміновую службу ў рады Савецкай Арміі.
– Я прадстаўнік тых пакаленняў, народжаных у СССР, хто выхаваны на гераічным подзвігу нашых дзядоў, бацькоў, якія выстаялі, перамаглі фашызм у Вялікай Айчыннай вайне. Нават не ўзнікала думка –
служыць у арміі ці не. Гэта абавязак, справа гонару для кожнага сапраўднага мужчыны, – адзначае Ігар Палыка.
Для навабранца з Беларусі салдацкія будні пачаліся ў аўтамабільным батальёне адной з вайсковых часцей, якая дыслацыравалася ў Рызе, сталіцы Латвійскай ССР Прыбалтыйскай ваеннай акругі.
– Усё было, як у любым падраздзяленні, згодна з воінскім статутам: пад’ёмы, зарадка, вучоба, страявая і баявая падрыхтоўка, заняткі. Ніхто не думаў, што можаш у мірны час апынуцца ў самым пекле баявых дзеянняў. Хаця, канешне, ведалі пра вайну ў Афганістане і пра тое, што там уведзены савецкі воінскі кантынгент, – успамінае Ігар Палыка.
У сакавіку 1985 года батальён, дзе служыў Ігар, быў камандзіраваны ў Афганістан, як тады ўказвалася, «для аказання дапамогі брацкаму афганскаму народу». Нешта небяспечна-незнаёмае, трывога – такія адчуванні былі ў кожнага юнака ў ваеннай форме, хто на працягу двух тыдняў ехаў у звычайных таварных вагонах па чыгунцы на перавалачную базу ў самую паўднёвую кропку Савецкага Саюза – населены пункт Кушка. Потым перасячэнне савецка-афганскай мяжы. І вось ён, канцавы прыпынак на маршруце «мір – вайна» – афганскі горад Шынданд, дзе больш за год у складзе аўтамабільнага батальёна выконваў свой інтэрнацыянальны абавязак вадзіцель-механік КАМАЗа (самага цяжкага, магутнага, з высокай праходнасцю савецкага аўтамабіля) Ігар Палыка.
Колькі разоў пасля службы ў арміі ён чуў пытанне «Ці было страшна на той вайне?»
І адказ заўжды гучаў аднолькава: «Страшна было ў першыя
дні і тыдні, калі рэальна разумееш, што могуць забіць ці трапіш у палон да душманаў. І не менш страшна тады, калі да дэмабілізацыі заставаліся лічаныя дні, і калі любая хвіліна магла стаць апошняй у жыцці».
Асноўная задача батальёна – дастаўка авіяцыйнага керасіну з Шынданда на авіябазу ў горадзе Кандагары. Менавіта тут Ігар Палыка пісаў свае старонкі афганскага дзённіка.
– Дарога толькі ў адзін бок займала некалькі дзён. Аўтамабільная калона на працягу ўсяго шляху абстрэльвалася душманамі. Любы з больш чым 60 маіх афганскіх рэйсаў мог завяршыцца трагічна. Вадзіцель заўжды быў у напружанні, бяда магла чакаць за любым каменем. Загінулі саслужыўцы, многія былі паранены, а колькі тэхнікі знішчана, – нібы на імгненне вяртаецца амаль на чатыры дзесяцігоддзі назад Ігар Палыка. За мужнасць, стойкасць, гераізм, вернасць прысязе Ігар Палыка быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі».
Ён не любіць успамінаць той час, бо нясцерпна балюча і за сябе, і за сваіх аднапалчан – тых, хто выжыў у афганскім пекле,
і тых, хто загінуў на чужой вайне. Што падтрымлівала, дапамагло выжыць? Напэўна, так распарадзіўся лёс, а яшчэ своеасаблівым абярэгам сталі пісьмы з Радзімы ад бацькоў, якія верылі і чакалі свайго сына.
Восенню 1986 года, загартаваны вайной, ён пачаў новы адлік мірнага жыцця. А з той вайны на ўсё жыццё захаваў непахіснае воінскае братэрства і выдатную практычную базу – да апошняга вінціка можа і сёння разабраць і сабраць аўтамабіль. Потым яшчэ неаднойчы для пракурора Ляхавіцкага раёна, старшага саветніка юстыцыі Ігара Палыкі словы «Служу Радзіме і закону» прагучаць як клятва. 37 гадоў назад ён цвёрда выбраў сваю прафесію – стаяць на варце закону, стаў студэнтам юрыдычнага факультэта Гродзенскага ўніверсітэта. Першыя крокі ў прафесіі рабіў следчым Баранавіцкай раённай пракуратуры, куды быў прыняты на службу яшчэ студэнтам. Прайшоў розныя службовыя прыступкі і на кожным месцы працы прафесійна выконваў свае абавязкі, быў і застаецца прынцыповым і адказным. Пракурорскі стаж Ігара Палыкі – 32 гады, ён з’яўляецца прыкладам для некалькіх пакаленняў калег.
Дарэчы, па прыкладзе бацькі і два яго сыны таксама сталі юрыстамі.
– Як салдат, прайшоўшы выпрабаванні вайной, як пракурор,
які займаецца расследаваннем генацыду беларускага народа ў гады Другой сусветнай вайны, разумею, як важна берагчы мір і захаваць спакой і незалежнасць сваёй краіны, – гаворыць Ігар Палыка.
Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва Ігара ПАЛЫКІ.