Першы рэгіён шануе традыцыі. Нашым зямлячкам Святлане Страмавус і Лідзіі Курловіч прысвоены статус народнага майстра

Напрыканцы студзеня ў Ляхавічы прыйшла прыемная навіна.
Па выніках пасяджэння экспертнай камісіі па народных мастацкіх рамёствах пры Міністэрстве культуры нашым зямлячкам Святлане Страмавус і Лідзіі Курловіч прысвоены статус народнага майстра.

15 лютага на выязным пасяджэнні калегіі ўпраўлення культуры аблвыканкама ў Ганцавічах уручаны пасведчанні народных майстроў дзвюм нашым зямлячкам – загадчыцы Адахаўшчынскага Дома народнай творчасці Святлане Страмавус (бестэрмінова) і кіраўніку ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Вясёлка» майстру народных промыслаў Свяціцкага СДК Лідзіі Курловіч (на тры гады). Такая падзея для раёна – упершыню.

Звычайная саломка ў руках Святланы Страмавус пераўтвараецца ў шыкоўныя галаўныя ўборы. Цыліндры, брылі, кепкі, картузы і іншыя капелюшы, вырабленыя майстрыхай, прадстаўляліся на выставе ў Палацы Незалежнасці, шматлікіх выставах рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў, кра-саваліся на «Дажынках», святах у Александрыі і Маладзечне, «Берасцейскіх санях» і іншых брэндавых мерапрыемствах.
Саломапляценнем яна зацікавілася каля двух дзесяцігоддзяў назад, калі пабывала на курсах павышэння кваліфікацыі, і з тых часоў яе рукі ў літаральным сэнсе пастаянна заняты рукадзеллем. Акрамя саломкі, працуе са скурай, берастой і лазой, захапляецца выцінанкай. Але сэрца, па словах народнага майстра, аддадзена ўсё ж саломцы. Кожны выраб – як дарагое дзецішча. Для іх яна вырошчвае ў сваім агародзе дзве соткі жыта, нарыхтоўвае яго, каб пасля яно стала матэрыялам колеру сонца. Праца з саломкай патрабуе карпатлівасці і акуратнасці, але ад творчага працэсу майстар атрымлівае асаблівае задавальненне. Прысваенне статусу народнага майстра Святлана Страмавус лічыць высокай адзнакай дзейнасці,
да якога яна, таленавіты тэхнолаг швейнай вытворчасці, ішла шмат гадоў і змагла рамяство ператварыць у занятак, які прыцягвае і дзяцей, і дарослых.

Вышыўка для свяцічанкі Лідзіі Курловіч – і хобі, і прафесія, і лад жыцця, якой з захапленнем займаецца два дзесяцігоддзі. Уменне «маляваць» ніткамі па тканіне ёй перадала мама, а сёння майстар паспяхова навучае рукадзеллю юных землякоў. Першыя работы – вышываныя крыжыкам і гладдзю ўзоры на сурвэтках і абрусах з цягам часу змянілі прыродныя сюжэты, іконы, партрэты і г. д. Малюнкі, падабраныя Лідзіяй Курловіч, выклікаюць сапраўднае захапленне і дораць радасць. Адну карціну майстрыха можа вышываць ад некалькіх дзён да двух-трох месяцаў, але ў кожную ўкладвае часцінку сваёй душы. Творчая актыўнасць Лідзіі Курловіч не абмяжоўваецца вышыўкай, з такім жа натхненнем малюе, збірае гаючыя расліны і стварае адмысловыя купажы чаю.
Званне народнага майстра для Лідзіі Курловіч – гэта не толькі вынік дваццацігадовай дзейнасці, але і своеасаблівы пераход ад самадзейнага ўзроўню да прафесіянальнага.
Шыкоўныя вырабы нашых таленавітых зямлячак – дастойны ўклад у культурную спадчыну Брэстчыны і ўпрыгожанне яе 85-гадовага юбілею.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.