З пашанай да правілаў бяспекі. Што стала прычынай няшчасных выпадкаў на вытворчасці ў Ляхавіцкім раёне
Паколькі тэмай гэтай размовы з’яўляецца бяспека чалавека ў працэсе выканання ім працоўных абавязкаў, у загаловак можна было б унесці ўдакладненне – вытворчай.
А, з іншага боку, хіба яна – бяспека – бывае лішняй на адпачынку, у дамашніх абставінах, у ходзе заняткаў спартыўнымі практыкаваннямі ці, напрыклад, падчас пешай прагулкі? Пытанне рытарычнае.
Непасрэднае куратарства за выкананнем работнікамі правілаў тэхнікі баспекі ажыццяўляюць інжынеры па ахове працы. Яны ж абавязаны клапаціцца і сачыць, каб у любой сітуацыі ва ўмовах канкрэтнага прадпрыемства для аховы працы былі створаны нарматыўна-належныя ўмовы. У вырашэнні апошняга пытання ў дапамогу інжынерам па АП – кіраўнікі суб’ектаў гаспадарання, паколькі за імі стаіць і бюджэт арганізацыі, і канчатковае рашэнне ў яго размеркаванні.
А, чарговы раз агучым відавочнае, забеспячэнне вытворчай бяспекі, аховы працы абыходзіцца ў капейку. Аднак недастатковасць мер, увагі і фінансавання ў вырашэнні пытанняў АП нярэдка маюць непараўнальна іншую цану, чым, напрыклад, кошт ахоўных акуляраў для рабочага-станочніка.
Часам плаціць даводзіцца здароўем, пажыццёвай інваліднасцю, а ў крайніх выпадках і жыццём.
На шчасце, у мінулым годзе падобных «крайніх» выпадкаў у працэсе выканання работнікамі сваіх працоўных абавязкаў
у Ляхавіцкім раёне адзначана не было. А, па інфармацыі Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, летась у краіне на рабоце загінулі 117 чалавек, на Брэстчыне такіх выпадкаў 18. Значная іх колькасць, як па краіне, так і ў вобласці, стала наступствам дарожна-транспартных здарэнняў. Хоць, канешне ж, не толькі.
За той жа адрэзак часу траўмы на вытворчасці атрымалі
1 850 работнікаў, на Брэстчыне зарэгістравана 249 выпадкаў, тры з якіх адбыліся ў Ляхавіцкім раёне. Прычым кожны з трох «ляхавіцкіх» фактаў атрымання работнікам пашкоджанняў на вытворчасці аднесены да катэгорыі цяжкіх.
9 кастрычніка на працоўным месцы атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні станочнік ТАА «Трансэлектрабуд». Менш чым праз два тыдні здарыўся няшчасны выпадак на ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», у выніку якога цяжкія траўмы атрымала падрыхтоўшчыца харчовай сыравіны і матэрыялаў. Яшчэ адно вытворчае здарэнне, датаванае самым пачаткам лістапада, зафіксавана на ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», у выніку апошняга цяжкія пашкоджанні атрымаў аператар сушыльнага абсталявання.
Як паведаміў галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Бурбуць, прычынай усіх трох няшчасных выпадкаў на вытворчасці з’явілася парушэнне пацярпелымі патрабаванняў палажэнняў і інструкцый па ахове працы. Віна наймальніка не ўстаноўлена ні ў адным няшчасным выпадку.
За сваю бяспеку, у тым ліку і на вытворчасці, у першую чаргу адказвае сам работнік. Гэта аксіёма. А вось на варце аховы працы на прадпрыемствах стаяць інжынеры па АП. На сёння іх штат у раёне з’яўляецца поўнасцю ўкамплектаваным. Большасць з 24 інжынераў па АП на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах Ляхавіцкага раёна маюць тэхнічную базавую адукацыю, многія – стаж практычнай работы на розных пасадах на сваім ці іншым блізкапрофільным прадпрыемстве. Некаторыя з інжынераў па АП прайшлі дадатковую падрыхтоўку ці спецыяльную перападрыхтоўку. Некаторыя працягваюць вучыцца гэтай прафесіі зараз. Напрыклад, спецыяліст па ахове працы КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»
такую перападрыхтоўку праходзіць з мінулага года.
А калега з ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» прыступіць да профільнага перанавучання ўжо ў наступным месяцы.
Месцам вучобы стане Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў АПК Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.