Пашпартная служба з аўтарытэтам. У складзе супрацоўнікаў Ляхавіцкага РАУС дастойна нясе службу наш зямляк Юрый Дзямід, які прызнаны лепшым па службе сярод калег з усёй Брэстчыны
15 гадоў у складзе супрацоўнікаў Ляхавіцкага РАУС дастойна нясе службу наш зямляк Юрый Дзямід.
Першымі міліцэйскімі прыступкамі сталі будні ў якасці ўчастковага інспектара. І вось ужо 13 гадоў яго служба звязана з аддзяленнем па грамадзянстве і міграцыі (пэўны час ён выконваў абавязкі кіраўніка гэтага падраздзялення РАУС). Інспектар Юрый Дзямід з’яўляецца
прыкладам прафесіяналізму, адданасці справе, карыстаецца аўтарытэтам і павагай сярод калег.
У яго паслужным спісе нямала ўзнагарод, ушанаванняў. Адна з галоўных – медаль «За бездакорную службу» ІІІ ступені, якую Юрый Дзямід атрымаў пяць гадоў назад. Сёлета загадам начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама капітану міліцыі Юрыю Дзяміду аб’яўлена Падзяка за ўмелыя і прафесійна граматныя дзеянні, ініцыятыву, праяўленую пры выкананні службовых мерапрыемстваў. Юрый Дзямід прызнаны лепшым па службе сярод калег з усёй Брэстчыны.
Юрый Дзямід заўжды з павагай і пашанай гаворыць пра тых, у каго вучыўся азам прафесіі, уменню наладжваць кантакты з наведвальнікамі. І з асаблівым гонарам пра сваіх сённяшніх
калег – начальніка АГіМ Валянціну Бабіч, спецыяліста па рэгістры насельніцтва Таццяну Капцэвіч, пашпартыста Таццяну Цуба. Разам яны – каманда высакакласных спецыялістаў.
– У наша аддзяленне хоць раз у жыцці звяртаецца кожны чалавек, напрыклад, пры атрыманні галоўнага дакумента – пашпарта. Мае абавязкі – кантроль за знаходжаннем замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, за тымі, хто афармляе пасведчанне на права жыхарства, дазвол на часовае пражыванне. Зараз на тэрыторыі раёна пражываюць грамадзяне краін СНД, Камеруна, Літвы, Польшчы і іншых. У апошні час уведзена ў выкарыстанне цырымонія прынясення Прысягі грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, у раёне яе прынялі ўжо два грамадзяніны, справы яшчэ некалькіх разглядаюцца, – расказвае Юрый Дзямід.