Ваду пазбавілі рыжага колеру. Чаму ў адной з кватэр у Ляхавічах з крана цякла вада рыжага колеру
Чарговы зварот у чат-бот тэлеграм-канала “Ляхавіцкага весніка” быў падмацаваны фотаздымкамі, на якіх відавочна, як з крана ў бутэльку цячэ вада рыжага колеру. Жыхарка адной з кватэр дома № 85 па вуліцы Савецкай у райцэнтры справядліва абуралася: “Як можна ўжываць такую ваду?! Асабліва пяцімесячнаму дзіцяці!”. Па словах ляхавічанкі, такая праблема існуе ўжо другі дзень.
Дом № 85 на вуліцы Савецкай знаходзіцца на балансе КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”. За каментарыем “ЛВ” звярнуўся да кіраўніцтва камунгаса. Дырэктар прадпрыемства Андрэй Чайкоўскі патлумачыў, што скаргаў у камунгас на іржавую ваду ва ўказаным доме не паступала. Але адразу пасля званка з раёнкі па адрасе была накіравана брыгада камунальнікаў.
–Пасля правядзення абследавання была выяўлена прычына паступлення ў кватэры дома № 85 няякаснай вады. Аператыўна праведзена прафілактыка водаправоднай сеткі жылых дамоў у мікрараёнах вуліц Юбілейная і Савецкая, прачышчаны фільтры падачы вады і заменена засаўка. Усе праведзеныя мерапрыемствы дазволілі ў кароткія тэрміны выправіць сітуацыю. Калі б жыльцы дома адразу, як толькі з’явілася праблема, звярнуліся ў камунгас, сітуацыя вырашылася б раней, – адзначыў Андрэй Чайкоўскі.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.