Пасяўная вясна пачынаецца з аўса. На палях Ляхавіцкага раёна з’явіліся першыя сеялкі

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

На тыдні ў палях Ляхавіцкага раёна з’явіліся першыя сеялкі. На палетку СУП «Ліпнянка» працуе малады механізатар Іван Пастарнакевіч (на здымку), для якога сёлетняя яравая кампанія  з’яўляецца першай у складзе прадпрыемства.

Вясна гэтага года заявіла пра сябе параўнальна рана. Памятаем апошнія дні лютага і работу аграрыяў па падкормцы азімых сельгаспалеткаў азотнымі ўдабрэннямі.
У сувязі з надышоўшым хуткім пахаладаннем доўга пасля «запрагала». Пакуль ужо на самым пачатку другой паловы сакавіка не здарыўся пасяўны дэбют.

Сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Ліпнянка» дэбютавала на яравым палетку ў нядаўні панядзелак: як толькі глеба паспела, на яе ж прыспела пасяўная тэхніка. Магутны і лёгкаманеўраны трактар з роллю рабочага коніка спраўляецца без бачнага напружання. Здаецца, што працуе без нагрузкі, а не ў агрэгацыі з тэхнічна няпростым шыроказахватным глебаапрацоўчым пасяўным агрэгатам.
– Пасяўная «тройка» – трактар, агрэгат і я, як механізатар, за паўнацэнны рабочы дзень здольны засеяць паўсотні і больш гектараў. Аднак значэнне мае і контурнасць поля, і, зразумела, час
пачатку і завяршэння работы. Сёння пачалі некалькі пазней, спатрэбіўся час на настройку агрэгата, у прыватнасці ўстаноўку нормы высеву. Ды і контурнасць данага поля не адрозніваецца асаблівай шырынёй ці маштабнасцю. Але ёсць упэўненасць, што пасля сённяшняй работы ад гэтага больш як 50-гектарнага палетка незасеянымі застануцца лічаныя гектары, – падзяліўся меркаваннем малады механізатар Іван Пастарнакевіч, для якога гэта сяўба стала першай яравой і другой увогуле ў складзе СУП «Ліпнянка».
У пасяўным спісе прадпрыемства на сёлетні год значыцца некалькі больш за паўтысячы гектараў ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур. За аўсом, які тут звычайна вырошчваюць у кармавых мэтах – на «траву», надыдзе чарга ячменю і зернебабовых, кампанію якім на першым этапе складуць таксама работы па перазалужэнні лугавых угоддзяў.
На чым яравая пасяўная кампанія ў «Ліпнянцы», канешне ж, не закончыцца. У планах прадпрыемства значыцца сяўба прыкладна паўсотні гектараў цукровых буракоў і каля дзвюх тысяч кукурузы. Але гэта ўжо на наступным этапе яравых пасяўных работ. Калі глеба дастаткова прагрэецца, пацяплее, стане нарматыўна ласкавай для прыёму насення гэтага і падобных відаў сельскагаспадарчых раслін.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.