Патрабуецца добраўпарадкаванне. У рэдакцыю патэлефанавала ляхавічанка, якая звярнула ўвагу на не зусім бяспечны ўчастак

Днямі ў рэдакцыю патэлефанавала ляхавічанка, якая звярнула ўвагу на не зусім бяспечны ўчастак, які знаходзіцца на тэрыторыі дзіцячай школы мастацтваў на скрыжаванні вуліц Камсамольскай і Мінскай у райцэнтры.

Па-першае, па словах жыхаркі, высокія дрэвы дастаюць да правадоў паветраных ліній электраперадачы, і пры моцных парывах ветру галінкі дрэў падаюць на правады, былі відаць нават іскры. Па-другое, на тратуары развальваюцца бардзюры. Жанчына расказала, што нядаўна хлопчык зачапіўся за такі бардзюр і ўпаў. Ляхавічанка пацікавілася, ці магчыма выправіць сітуацыю.
За каментарыямі «ЛВ» звярнуўся ў аддзел архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.
– Рашэннем райвыканкама Ляхавіцкі камунгас упаўнаважаны прызнаваць, аварыйнае дрэва ці не. Гэта арганізацыя рэгулярна абследуе стан дрэў і кустоўя. Калі прысутнічаюць прыкметы аварыйнасці дрэў, то расліну выдаляюць, пры неабходнасці праводзіцца і санітарная абрэзка небяспечных галін дрэў ці высечка кустоўя. Калі канкрэтна пра ўказаную сітуацыю, то дрэвы знаходзяцца на тэрыторыі дзіцячай школы мастацтваў. Таму догляд аб’ектаў раслін-нага свету ажыццяўляе гэта арганізацыя. Што тычыцца тратуарнага пакрыцця, то на чарговым пасяджэнні раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху (узначальвае намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк) будзе разгле-джана пытанне аб неабход-насці добраўпарадкавання гэтага ўчастка, – растлумачыла начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
Дырэктар ДШМ Марыя Лутавінава адзначыла, што праблема высокіх дрэў хвалюе і іх арганізацыю. У сувязі з тым, што на балансе гэтай установы няма спецыяльнай тэхнікі, звярталіся ў камунгас, дзе паабяцалі дапамагчы. Чакаем. Праўда, варта паспяшацца, каб не здарылася бяда.

Галіна КАНЬКО.