Паўсюдны парадак – мара рэальная. На апаратнай нарадзе ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама разглядалася пытанне эфектыўнасці выканання мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі

Работа павінна быць выніковай. Кіраўнікі кантралюючых органаў, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый абавязаны праяўляць ініцыятыву ў такім важным пытанні, як навядзенне парадку на зямлі.У Год якасці на азначаны напрамак звяртаецца асаблівая ўвага. На гэтым зрабіў акцэнт старшыня райвыканкама Мікалай Мароз на чарговай апаратнай нарадзе, дзе разглядалася пытанне эфектыўнасці выканання мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі. Справаздачу трымалі кіраўнікі прыродаахоўнай, землеўпарадкавальнай, санітарнай службаў раёна, а таксама супрацоўнікі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама.
У мінулым годзе землякі зрабілі нямала для прыгажосці малой радзімы: высаджана 717 дрэў і кустарнікаў, каля 29 тысяч кветак. На плошчы 3,7 тысячы квадратных метраў адрамантавана вулічна-дарожнай сеткі, знесена больш за чатыры дзясяткі пустуючых і старых дамоў, адрамантаваны агароджы, кантэйнерныя пляцоўкі для збору адходаў, асфальтаваны тэрыторыі і пад’яздныя шляхі, праведзены ліквідацыйны тампанаж васьмі нядзеючых буравых свідравін.
Начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Траяноўская расказала, што праводзіцца ў раёне планавая работа па выдаленні інвазіўных відаў раслін. Так, у Рачканах, Гайнінцы, Петухоўшчыне, Вадзяціне, Зарэччы, Чвырах ліквідаваны зараснікі сумніку. Сіламі
ДРБУ-200, ДЭУ-24 і ДЭУ-23 наводзіўся парадак на прыдарожных палосах. Аналагічныя
работы закранулі і тэрыторыі паабапал чыгунак. Значны ўчастак работ зроблены работнікамі лясгаса і прадпрыемства меліярацыйных сістэм. На тэрыторыі раёна знаходзіцца
65 могілак, летась пры плане чатыры добра-ўпарадкавана 27.
Разам з тым раённай прыродаахоўнай інспекцыяй выяўлена 81 парушэнне на тэрыторыі сельгаспрадпрыемстваў, аформлена 43 адміністрацыйныя справы ў адносінах
да юрыдычных і службовых асоб, выяўлена
чатыры факты нанясення шкоды навакольнаму асяроддзю і прад’яўлена чатары прэтэнзіі аб кампенсацыі нанесенай шкоды навакольнаму асяроддзю на суму 1 200 рублёў.
Не паўсюдна дбаюць пра парадак гаспадары гаражоў і дач. У мінулым годзе ў гаражных кааператывах і садаводчых таварыствах выяўлена 19 парушэнняў.
Начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Наталля Крымская спынілася на рабоце па зносе неэксплуатуемых і старых пабудоў сельгасарганізацый і пустуючых дамоў, якая праводзіцца па даручэнні Кіраўніка дзяржавы. У 2023 годзе ў сямі суб’ектах гас-падарання знесена 11 аб’ектаў на агульнай плошчы больш за тры гектары. Пасля зносу 0,45 гектара земляў уцягнуты ў сельгасабарот, 2,2 гектара – у гаспадарчы абарот. На сёлета запланаваны знос васьмі неэксплуатуемых пабудоў у пяці гаспадарках раёна.
Наталля Крымская паведаміла, што па стане на 1 лютага гэтага года на тэрыторыі Ляхавіччыны ў Адзіным рэестры пустуючых дамоў ёсць звесткі пра 79 домаўладанняў. У мінулым годзе праведзена 27 абследаванняў тэрыторый землекарыстання, іх уладальнікам выдадзена шэсць інфармацыйных лістоў па ўхіленні выяўленых парушэнняў зямельнага заканадаўства, складзена пяць пратаколаў.
Мікалай Мароз звярнуў увагу на неабходнасць больш дзейснай работы па навядзенні парадку ў райцэнтры, акуратна павінна быць не толькі на цэнтральных вуліцах і плошчах. Таксама ўвага павінна быць скіравана на якасць праводзімых работ у лесаахоўных палосах і на меліярацыйных каналах.

Галіна КАНЬКО.