Асабліва раннія. У Ляхавіцкім раёне на раніцу 29 сакавіка сельгасарганізацыі адсеяліся раннімі збожжавымі і зернебабовымі на 54 працэнтах запланаваных плошчаў

Калі ў тэмпах работ не здарыцца вымушаных паваротаў, сёлетняя сяўба ранніх яравых абяцае стаць асабліва ранняй

У адпаведнасці з аператыўнай статыстыкай упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні па стане на раніцу 29 сакавіка, сельгасарганізацыі раёна адсеяліся раннімі збожжавымі і зернебабовымі на 54 працэнтах запланаваных плошчаў. На такую ж дату год назад гэты працэнт не дасягаў і дзясятка працэнтных пунктаў. Сёлетнія тэмпы сяўбы ранніх яравых у Ляхавіцкім раёне апярэджваюць мінулагоднія ў пяць разоў.
У авангардзе пасяўной калоны значацца ААТ «Нача», СВК «Ляхавіцкі», ЗАТ «Белпрампрыбор». Напрыклад, першая ў лідзіруючай тройцы сельгасарганізацыя адсеялася на больш як 60 працэнтах сваіх ранніх яравых палеткаў. У прызёраў пасяўной гонкі тэмпы пераадолення веснавой дыстанцыі некалькі горшыя. Аднак добрыя, з перавышэннем сярэднераённых.
Нямала сіл і часу забіраюць у працаўнікоў палёў глебападрыхтоўчыя работы. Але ж яны з’яўляюцца важным і патрэбным элементам аграрнай тэхналогіі. Давыраўняць зяблевую раллю, дапамагчы ёй у плане захавання вільгаці азначае палепшыць шанцы на атрыманне больш выгадных ураджайных мас. У гэтай сувязі засяродзім увагу на тым факце, што каля 95 працэнтаў плошчаў, прызначаных у раёне пад раннія сельгаскультуры, прайшлі перадпасяўную падрыхтоўку. А некаторыя з найбольш уплывовых гаспадарак раёна з названым відам палявых работ справіліся ў поўнай адпаведнасці з планам: гэта «Жарабковічы», «Шлях новы», «Нача».
А тым часам стала вядома, што раён выйшаў на лён. Але гэта ўжо тэма бліжэйшых нумароў «Ляхавіцкага весніка».
Неабходна таксама мець на ўвазе, што раннія культуры – гэта толькі размінка, разведка боем перад яравой пасяўной кампаніяй.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.