Чаму пераезд адкладваецца. Чарговы званок на гарачую лінію «ЛВ» прагучаў ад жыхаркі Тальмінавіч
76-гадовая жанчына звярнулася за дапамогай. Праблема наступная: падтапленне прыватнага дома па вуліцы Лясной, дзе яна жыла раней. Па словах аграгараджанкі, з года ў год пасля паводкі і моцных дажджоў двор і дом заліваюцца вадой. У пакоях настолькі мокра, што вырастае асот. Усё з-за таго, што па населеным пункце пракладзена водаадводная труба малога дыяметра, якога не хапае для такога напору.
Жанчына сцвярджае, што яна хацела б вярнуцца туды жыць.
Пакуль яна жыве ў аднапакаёвай кватэры чатырохпавярховага дома
па вуліцы Леніна ў Тальмінавічах. Дарэчы, новы адрас пражывання з’явіўся дзякуючы дапамозе старшыні Ганчароўскага сельвыканкама, да якога звярнуліся дзеці пенсіянеркі.
Сітуацыю пракаментаваў старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч.
– Гэта пытанне на кантролі яшчэ з мінулага года. Тады калек-тыўна з прадстаўнікамі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама выязджалі на месца ў Тальмінавічы, разглядалі розныя варыянты. Акрамя таго, тэма прагучала і на сёлетнім сходзе грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння. Старшыня райвыканкама даў даручэнне мне і кіраўніку
ААТ «Жарабковічы» вырашыць агучаную праблему. Зроблена яшчэ адно абследаванне. Як толькі дазволяць умовы надвор’я і падсохне, будзе прачышчана труба, выкапана сажалка для сцёку вады з трубы. Тэхніку прадаставяць «Жарабковічы». Канешне,
будзем арганізоўваць жыхароў аграгарадка, каб навесці парадак у нашым агульным доме, – адзначае Уладзімір Плескацэвіч.
Яшчэ адзін бок гэтай праблемы тычыцца пытання бяспекі. Як патлумачыў Уладзімір Плескацэвіч, дом, у якім жыла жанчына, знаходзіцца ў небяспечным пажарна-аварыйным стане, што пацвердзіла праверка, якую праводзілі супрацоўнікі РАНС. Гаспадару дома, сыну заяўніцы, было выдадзена прадпісанне на ўхіленне выяўленых парушэнняў. Аднак сітуацыя пакуль у лепшы бок не змянілася. Пераезд у дом адкладваецца.
Галіна КАНЬКО.