Сёлета дарожныя службы плануюць “пераапрануць” у асфальтавае пакрыццё 4 з 8 кіламетраў «праблемнай» дарогі

Сёлета дарожныя службы плануюць “пераапрануць” у асфальтавае пакрыццё 4 з 8 кіламетраў «праблемнай» дарогі ад вескі Куршынавічы да мяжы з Ганцавіцкім раёнам.

Пра гэта старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка паведаміў падчас выязнога прыёму грамадзян, які адбыўся ў Ляхавіцкім райвыканкаме.

– У наступным годзе завершым. Можа, і сёлета атрымаецца, але палова дарогі будзе дакладна, – сказаў Юрый Шулейка.

Праблемны адрас, які апошнюю пяцігодку гучаў не аднойчы на розных прыёмах, у гэтым годзе мае ўсе шанцы змяніць статус на “вырашана”.

Таксама жыхарка Новых Будаў адзначыла той факт, што ў вёсцы, лічы, адсутнічае сігнал сотавай сувязі. З гэтага выцякае не менш важкая бытавая праблема – немагчыма расплаціцца плацежнай карткай у аўталаўцы, а за наяўнымі грашыма трэба ехаць у Ляхавічы да банкамата.

Старшыня аблвыканкама даручыў вывучыць пытанне ўзмацнення сігналу, каб такая зручнасць, як аплата банкаўскай картай, была даступнай для вяскоўцаў.