Пачуць чалавека, падтрымаць ініцыятыву. 17 красавіка Ляхавіччына стала кропкай рабочага візіту старшыні аблвыканкама Юрыя Шулейкі
17 красавіка Ляхавіччына стала кропкай рабочага візіту старшыні аблвыканкама Юрыя Шулейкі. Дзень насычаны, маршрут – пабудаваны. А рабочы візіт пачаўся з прыёму грамадзян, які адбыўся ў райвыканкаме. На прыём запісаліся 9 чалавек.
Кола тэм, з якімі прыехалі жыхары Першага рэгіёна, шырокае і разнапланавае. Скарысталіся магчымасцю звярнуцца да губернатара не толькі ляхавічане.
Лідзіруе дарожная праблематыка. Жыхары раёна прасілі заасфальтаваць той ці іншы ўчастак дарогі, прыводзілі важкія аргументы. Напрыклад, аказаць садзейнічанне ў асфальтаванні ўчастка дарогі ад трасы Баранавічы – Ляхавічы да храмаў па вуліцы Надрэчнай (адзін прыход знаходзіцца ў аграгарадку Дарава, другі – у вёсцы Малое Падлессе) і могілак прасілі жыхары прылеглых вёсак. Дарога знаходзіцца на балансе ДРБУ-200, асфальтаваць неабходна прыкладна 700 метраў. Юрый Шулейка адзначыў, гэта справа добрая, таму будуць імкнуцца зрабіць так, каб прыхаджанам было зручна трымаць шлях да храма. А пакуль варта асаблівы ўпор рабіць на ямачны рамонт і прафіляванне дарожнага пакрыцця.
Яшчэ адзін вядомы праблемны адрас, які апошнюю пяцігодку гучаў не аднойчы на розных прыёмах, у гэтым годзе мае рацыю змяніць статус на «вырашаны». Размова ідзе пра ўчастак дарогі працягласцю 8 кіламетраў ад вёскі Куршынавічы да мяжы з Ганцавіцкім раёнам. Як адзначыла жыхарка Новых Будаў, асфальтаванне гэтага ўчастка дарогі станоўча паўплывае на аўтанагрузку дарог. Да Ляхавіч з Новых Будаў прыкладна 25 кіламетраў, а да Ганцавіч каля 13.
Як падкрэсліў кіраўнік Брэсцкай вобласці, сёлета дарожныя службы плануюць «пераапрануць» у асфальтавае пакрыццё 4 кіламетры гэтай дарогі. Астатняе асфальтаванне чакаецца ў наступным годзе.
– Я ўжо ўказанне даў. У наступным годзе завершым. Можа, і сёлета атрымаецца, але палова дарогі будзе дакладна, – сказаў Юрый Шулейка падчас прыёму грамадзян.
Таксама жыхарка Новых Будаў адзначыла той факт, што ў вёсцы, лічы, адсутнічае сігнал сотавай сувязі. З гэтага выцякае не менш важкая бытавая праблема – немагчыма расплаціцца плацежнай карткай у аўталаўцы, а за наяўнымі грашыма трэба ехаць у Ляхавічы, дзе банкаматы.
Старшыня аблвыканкама адзначыў, што павінны быць шляхі вырашэння гэтай сітуацыі, таму даручыў вывучыць пытанне ўзмацнення сігналу, каб такая зручнасць, як аплата банкаўскай картай, была даступнай для вяскоўцаў.
А вось жыхары маладога мікрараёна горада – Патапавіцкага – мараць пра будаўніцтва цэнтралізаванай каналізацыі ў квартале забудовы.
– Ёсць праграма фінансавання: 70 працэнтаў плаціць дзяржава, патэнцыяльныя карыстальнікі ствараюць кааператыў і плацяць 30 працэнтаў. Згодны? Пачынайце работу, стварайце кааператыў, – прапанаваў варыянт вырашэння сітуацыі Юрый Шулейка.
А пакуль ідуць падрыхтоўчыя работы, работнікам камунгаса варта звярнуць увагу на абслугоўванне домаўладанняў мікрараёна Патапавіцкага. Тым больш, як адзначыў дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі, зараз набыта яшчэ адна вакуумная бочка для аказання паслуг насельніцтву па адпампоўванні мясцовай каналізацыі. Сітуацыя зменіцца.
Яшчэ адна сітуацыя, якая хвалюе жыхара райцэнтра, – устаноўка штучнай няроўнасці каля нядаўна нанесеных пешаходных пераходаў
па вуліцы Кальцавой пры выездзе з мікрараёна Патапавіцкага. Бяспека дзяцей – у прыярытэце, таму Юрый Шулейка даручыў
не марнаваць час і прыступіць да справы.
Яшчэ адну мясцовую ініцыятыву падтрымаў старшыня аблвыканкама. Пакуль у праекце і зменшаным варыянце – але ён ёсць!
Хутка ў Ляхавічах з’явіцца помнік спаленым вёскам. Унікальнага дызайну помнік, які адлюстроўвае гісторыю ваеннай Ляхавіччыны, плануюць устанавіць у Марынова, там з’явіцца і аўтамабільная паркоўка, і адпаведнае добраўпарадкаванне.
– На Ляхавіччыне 48 вёсак былі спалены ў гады вайны.
Напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў такая патрыятычная ініцыятыва гучыць мацней! Тым больш, за яе дбаюць і мясцовыя жыхары, і школьнікі, якія ашчадна вывучаюць і зберагаюць гісторыю сваёй малой радзімы, – адзначыла дырэктар Малагарадзішчанскай СШ Анжэла Яварчук.
Сярод просьбаў – выдзяленне зямельнага ўчастка для будаўніцтва праваслаўнага храма ў горадзе. Сярод прапанаваных варыянтаў – участак каля ДЮСШ.
Ляхавічанка на прыём прыйшла з пытаннем ачысткі рэчышча ракі Ведзьмы ад расліннасці. Любімая зона адпачынку ў гараджан павінна быць у належным стане – сёння там створаны ўсе ўмовы для камфорту: утульны пляж, арэлі, лавачкі з навесам, дзіцячая пляцоўка і іншае. Хацелася б тое і ад акваторыі.
Кожнае з пытанняў засталося на кантролі старшыні аблвыканкама. Як адзначыў Юрый Шулейка, да кожнай сітуацыі варта падыходзіць з разуменнем і з боку законнасці. Улада заўжды гатова падтрымаць любую справу, калі яна ўмацоўвае дабрабыт беларусаў.
Падчас рабочага візіту кіраўнік вобласці наведаў ААТ «Шлях новы», СУП «Ліпнянка» і «Белазем’е», кансервавы завод, ільнозавод.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.