Сіла, спрыт і воля волатаў. Сёлета турнір пад брэндам «Ляхавіцкі волат» адзначыў свой першы «паўюбілей»
Усе гэтыя якасці цудоўна прадэманстравалі юнакі і дзяўчаты – удзельнікі адкрытага турніру па дзюдо ДЮСШ Ляхавіцкага раёна. Канешне ж, нараўне з абавязковым у такіх выпадках узроўнем адмысловага майстэрства.
Сёлета турнір пад брэндам «Ляхавіцкі волат» адзначыў свой першы «паўюбілей» – адбыўся пяты раз. За такую невялікую, па сутнасці, гісторыю здолеў заявіць пра сябе з дастатковай аўтарытэтнасцю, стаў адным з полюсаў прыцягнення дзіцяча-юнацкага дзюдо. І не толькі Брэсцкай вобласці. Статус адкрытага дазваляе выхад на ляхавіцкае татамі школам дзюдо, незалежна ад іх геаграфічнага размяшчэння. Так у шарэнзе ўрачыстага адкрыцця спаборніцтваў разам з прыкладна дзясяткам каманд Брэстчыны – з Баранавічаў, Кобрына, Івацэвічаў, Драгічына, Моталя, Давыд-Гарадка, гаспадароў-ляхавічан і дзвюх брэсцкіх, месца займалі дзюдаісты з прысталічнага Дзяржынска.
Як прагучала ў ходзе перадстартавай цырымоніі, з году ў год «Ляхавіцкі волат» набывае новыя адценні святочнасці, пашырае межы і кола ўдзельнікаў. На гэты раз татамі сабрала больш за дзве сотні дзюдаістаў – юнакоў і дзяўчат 2007–2014 гадоў нараджэння.
Спарынгі ў межах «Ляхавіцкага волата» яшчэ не пачаліся, а заслужаныя сотнямі трэніро-вачных заняткаў і дзясяткамі спаборніцтваў рознага ўзроўню спартыўныя тытулы ўжо чакалі сваіх уладальнікаў. Факт уручэння дырэктарам ДЮСШ Ляхавіцкага раёна Валянцінай Русакевіч кваліфікацыйных кніжак спартсмена ў сувязі з выкананнем нарматыва кандыдата ў майстры спорту выхаванцам Ляхавіцкага дзюдо, безумоўна, надаў дадатковы настрой на прызавое выступленне ўдзельнікам турніру, надаў апошняму і штрых яркай эмацыянальнасці. Дакумент – сведчанне кандыдацкай дастатковасці – атрымалі Арцём Найда і Іван Рокач. Арцём – нядаўні выпускнік ДЮСШ, зараз з’яўляецца студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. На цяперашнім «Ляхавіцкім волаце» выступаў у якасці рэферы на татамі. Іван жа, як уяўляецца, надзвычай юны пакарыцель кандыдацкай ступені ў дзюдо. Вучань сярэдняй школы № 2 сваю спартыўную адукацыю ў ДЮСШ раёна пачаў каля васьмі гадоў назад. На турніры выступае ў сваёй вагавай і ўзроставай катэгорыях. Як расказаў у гутарцы з карэспандэнтам, ні аб чым іншым, акрамя заваявання на дамашнім татамі «залатога» тытула, не дазваляе сабе і думаць.
Настаўнікам і Арцёма Найды, і Івана Рокача з’яўляецца трэнер-выкладчык ДЮСШ Ляхавіцкага раёна Віктар Богуш. Як і яго выхаванцы, Віктар Мікалаевіч былі ўшанаваны нягучнымі, аднак вельмі шчырымі апладысментамі ўсёй турнірнай «тусоўкі».
Што да перыпетый, тэхнікі і градуса барацьбы, то, каб іх адчуць, трэба бачыць. Як і што можна расказаць пра, напрыклад, музыку? А для асобных прыхільнікаў і ў выкананні асобных майстроў дзюдо – гэта сапраўднае мастацтва.
І яго маглі назіраць ляхавічане 18-19 красавіка ў сваім горадзе.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.