Ляхавічане каменціруюць УНС і выступленне Прэзідэнта. Кацярына ЖУКОЎСКАЯ, маці двух дзяцей
Кацярына ЖУКОЎСКАЯ, маці двух дзяцей:
– Сёння ўся краіна сочыць за ходам работы Усебеларускага народнага сходу. Зацікаўлена далучылася і я, хоць і знаходжуся ў дэкрэтным водпуску. Вырашаецца ж лёс нашых дзяцей, нашага агульнага заўтрашняга дня! З асаблівым інтарэсам слухала словы Прэзідэнта, якія датычылі аховы здароўя, маці, дзяцей. Беларусь займае 20-ю пазіцыю ў рэйтынгу самых камфортных для мацярынства краін! Магу з упэўненасцю гэта пацвердзіць. Тры месяцы назад нарадзіўся мой сынок Уладзіслаў, і я шчыра ўдзячна ўсім медыкам, якія з клопатам адносяцца да сваіх пацыентаў. Урачы акружаюць жанчыну няспыннай увагай і дапамагаюць нарадзіць здаровае дзіця. Не застаюцца мамачкі сам насам і пасля нараджэння малыша.
Істотная і матэрыяльная падтрымка жанчын, выплаты пры нараджэнні, на дзяцей да трохгадовага ўзросту і г. д. З першага мая зноў павялічваецца дапамога сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. У Ляхавічах, напрыклад, не існуе праблемы і з дашкольнымі-школьнымі ўстановамі. Мая старэйшая дачка Ясенія наведвае мастацкую студыю «Апалон» ГДК, побач і агульнаадукацыйная школа. Усё зручна і даступна. Дзяржава падтрымлівае сем’і і не спыняе падтрымкі. А, самае галоўнае, мы гадуем дзяцей у мірнай краіне, дзе спакойна можна адправіць сына ці дачку на вуліцу і не баяцца за іх жыццё. А гэта варта многага!