З падзякай і саюзным прывітаннем. Як прафсаюз з упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні Ляхавіцкага райвыканкама павіншавалі аграрыяў

Выкліканая працяглым, не па-красавіцку халодным дажджом паўза на сяўбе для многіх працаўнікоў палёў Ляхавіцкага раёна стала прызавой

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

«Віной» таму, па-першае, самі аграрыі. Людзі, якія гэтым гарачым, нягледзячы на зменлівасць надвор’я, яравым часам літаральна днююць на сельскагаспадарчым палетку. Нястомна, па-наватарску і ў фармаце звышнарматыўнай працоўнай занятасці закладваюць пасяўную аснову будучых ураджаяў. Па-другое, прафесійны саюз работнікаў аграпрамысловага комплексу ў асобе яго мясцовай раённай арганізацыі, якая ў суполцы са сваім асноўным сацыяльным партнёрам – упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама ацанілі не будзённую руплівасць працаўнікоў сельгаснівы, знайшлі «рэсурс» і выказалі шчырае імкненне ажыццявіць прызавы, падзячна-віншавальны ваяж па сельскагаспадарчых арганізацыях.

Абавязак абавязкам, аднак ёсць упэўненасць, што найбольшае праяўленне фактаў падобнай «прафсаюзнасці» здараецца падчас правядзення асабліва важных сельгаскампаній, ад якіх залежаць і эканоміка, і «сацыялка».
Першы прыпынак на маршруце па ўшанаванні лепшых работнікаў на ўжо завершаным этапе яравой сяўбы старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура і першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык зрабілі на тэрыторыі машыннага двара СВК «Ляхавіцкі». Мэта – павіншаваць з працоўным поспехам механізатара Мікалая Кавалёва, падзякаваць за якасна-руплівую работу на ранне-яравых палетках гаспадаркі. У якасці салодкага дадатку прадугледжваўся выкананы на заказ і ўжо традыцыйны прафсаюзны пірог.
Так, у чацвер дождж прагнаў з поля фактычна ўсе трактары. Механізатары, як правіла, бавілі час на машынных дварах сваіх гаспадарак. Аглядалі, рэгулявалі, ажыццяўлялі дробны рамонт тэхнікі. Ды і, у рэшце рэшт, дажджавая паўза на сяўбе ўяўляла магчымасць закончыць гэты працоўны дзень без перапрацоўкі, без якой у пасяўныя дні хутчэй за ўсё не абыходзіцца.
З самага пачатку яравой кампаніі «Кіравец» Мікалая Кавалёва зна-
ходзіцца ў баразне, заняты на работах па перадпасяўной падрыхтоўцы глебы. Лік падрыхтаваных ім гектараў ужо
вядзецца на сотні.
Героем дня ААТ «Нача» стаў Раман Голя. Умелы, старанны работнік, майстар на ўсе рукі і фактычна ўсіх механізатарскіх падрадаў, пачынаючы з сяўбы і рознага кшталту ўборачных. На раннім этапе работ працаваў на «Беларусе-3522» у агрэгацыі з пасяўным глебаапрацоўчым комплексам. Сеяў і сваю справу рабіў тэхналагічна і якасна, як і належыць спрактыкаванаму аграрыю.
Механізатара Дзмітрыя Туціна і яго
«групу падтрымкі» мы сустрэлі ў Падлессі на адным з машынных двароў ААТ «Жарабковічы». Шчыраваў на абслугоўванні свайго «Кіраўца» і скамбінаванага з ім шыроказахватнага агрэгата для перадпасяўной падрыхтоўкі глебы.
Падзяка ў фармаце падзячнага пісьма за працу на яравой ніве
ААТ «Шлях новы» прыйшла механізатару гаспадаркі Віктару Жмурко з вобласці, за подпісам старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Анатолія Шчуплянкова і старшыні Брэсцкай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Аляксандра Саланевіча. Сярод ушанаваных у той дзень работнікаў вясковай нівы нашага раёна ён адзіны такі. Як паведаміў падчас кароткай размовы, апошнім часам заняты на сяўбе кукурузы.
– Стараюся, у кароткім будучым на плантацыі з гэтай культурай выйду ўжо ў ролі камбайнера-ўборшчыка. Машыну для такога віду работ рыхтаваў незадоўга, стаіць і чакае свайго выхаду, – разважае механізатар-сейбіт і праз колькі месяцаў кукурузаўборшчык.
Для механізатара ЗАТ «Бепрампрыбор» Віктара Зубіка, здаецца, дрэннага надвор’я не існуе. Аграрый-універсал: і сее, і ўбірае ўраджай, і арэ. Прафсаюзную падзяку за работу, пажаданні ўсяго найлепшага ад начальніка райсельгасхарчу і прафсаюзнага лідара Віктар атрымаў, спешыўшыся з трактара.
Фінішаваў прафсаюзны віншавальны тур на машынным двары СУП «Ліпнянка». Сваю заслужаную падзяку, пажаданні працоўных поспехаў, матэрыяльнага дастатку і многа чаго іншага атрымаў Іван Пастарнакевіч. Механізатар, які, па сутнасці, у адзіночку «выцягнуў» пасяўную ранніх яравых у гаспадарцы.
Не засталося без увагі і Свята працы: з улікам таго, што падзея адбывалася незадоўга да 1 Мая, усе работнікі – і лаўрэаты пасяўной, і групы іх падтрымкі, і прысутныя кіраўнікі вытворчасці атрымалі віншаванні.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.