Поўных рукавоў. Тэма поліэтыленавай упакоўкі кармавых запасаў набывае «маштабіраванне» ў сельскагаспадарчых арганізацыях Ляхавіцкага раёна

Пажаданне пажарным «сухіх рукавоў» для сельскай гаспадаркі не працуе. Ці працуе ў вытворча нявыгадным кантэксце. Адным з правільных правілаў тут з’яўляецца запас поліэтыленавых рукавоў, пад завязку запоўненых кармавым прадуктам для буйной рагатай жывёлы.

Тэма поліэтыленавай упакоўкі кармавых запасаў, здаецца, набывае «маштабіраванне» ў сельскагаспадарчых арганізацыях Ляхавіцкага раёна. Акрамя ўжо звыклага абгортвання поліэтыленавай плёнкай кармавых травяных цюкоў-рулонаў, у магутныя – на сотню і больш тон падрыхтаванай масы – запраўляюцца-запрасоўваюцца і сянаж, і сілас, і нават расплюшчанае зерне, напрыклад, кукурузы.
Адным з наватараў «рукаўнай тэхналогіі» ў нашым раёне з’яўляецца ЗАТ «Бел-прампрыбор». Яе ў гаспадарцы апрабавалі даўно, здаецца, прызналі за аснову і паставілі на вытворчы паток.
Вось і ў гэтым годзе, нягледзячы на тое, што ўборка траў першым укосам яшчэ афіцыйна не пачалася, «Белпрампрыбор» заклаў падобным спосабам ужо паўтысячы тон сенажу. Усё гэта багацце ўмясцілася ў трох магутных, шчыльна збітых поліэтыленавых рукавах. Сыравінай стала свірэпіца, якая для таго мэтава і вырошчвалася на плошчах прыкладна 60 гектараў.
Можна сказаць, кармавы пачын у асобным сельгаспрадпрыемстве раёна зроблены.
А ўжо праз нейкі дзясятак дзён на сапраўдную касавіцу выйдзе і ўся сельскагаспадарчая Ляхавіччына. Па меншай меры, прыкладна такі час старту ўборкі шматгадовых траў першым укосам быў агучаны 2 мая ў ходзе пасяджэння раённага выканаўчага камітэта. Атрымліваецца, што сёлетняя ранняя вясна становіцца такой і для нашых корманарыхтоўшчыкаў.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.