Арлоўскі. Чалавек стальной загартоўкі
Назаўжды ў памяці ўдзячных нашчадкаў героі, адстаяўшыя свабоду народа, яго будучыню. Яны і ў назвах вуліц Ляхавіцкага раёна: Дзесюкевіча, Арлоўскага, Астапава, Здановіча, Южакова, Гагарышвілі, Ерашава…
На ўскрайку Ляхавічаў, направа ад вуліцы Леніна пры ўездзе з Баранавічаў пачынаецца вуліца Арлоўскага. Названа яна ў гонар вядомага беларуса Героя Савецкага Саюза, знакамітага партызанскага камандзіра Кірыла Пракопавіча Арлоўскага.
Ляхавіччына ў гады Вялікай Айчыннай вайны – край партызанскі. Згодна з архіўнымі дакументамі, першыя звесткі пра народных мсціўцаў датуюцца вераснем 1941 года: у ваколіцах Крывошына дзейнічала група на чале з камандзірам Чырвонай Арміі Анатоліем Званковым. Сярод вядомых камандзіраў – адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў партызанскага руху Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы Кірыл Арлоўскі. Але гэтыя высокія ўзнагароды за ваенныя і працоўныя подзвігі ў біяграфіі чалавека стальной волі (так называлі яго сучаснікі) будуць потым. А пачыналася ўсё 30 студзеня 1895 года, калі ў вёсцы Мышкавічы (цяпер Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і нарадзіўся чарговы хлопчык, якому далі імя Кірыл.
Удзельнік Першай сусветнай вайны (камандзір узвода сапёраў), камандзір партызанскага атрада, які дзейнічаў супраць нямецкіх войскаў, супрацоўнік органаў бяспекі, удзельнік вайны ў Іспаніі, прарэктар па гаспадарчай часці Арэнбургскага сельскагаспадарчага інстытута, савецкі разведчык у Кітаі – такі нялёгкі шлях прайшоў Кірыл Арлоўскі з 1915 па 1941 гады.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Кірыл Арлоўскі, які выконваў заданне Радзімы далёка за межамі Савецкага Саюза – у Кітаі, ірваўся на барацьбу з ворагам, закідваў наркамат унутраных спраў СССР пісьмамі з просьбай адправіць яго ваяваць з ворагам. Вось вытрымкі з аднаго з іх, адрасаванага наркому ўнутраных спраў СССР Лаўрэнцію Берыі: «Прашу Вашага распараджэння накіраваць мяне ў тыл нямецка-фашысцкіх войскаў для чырвонапартызанскай і дыверсійнай работы, дзе я змагу прынесці непараўнальна больш карысці ў справе абароны сацыялістычнай Айчыны…». Аналагічныя пісьмы накіроўваліся і Старшыні Дзяржаўнага Камітэта Абароны СССР Іосіфу Сталіну. І вось, у рэшце рэшт, просьба героя Грамадзянскай вайны была задаволена.
У кастрычніку 1942 года спецгрупа «Сокалы» пад камандаваннем Кірыла Арлоўскага дэсантавалася на парашутах у Машукоўскім лесе (колішняя Баранавіцкая вобласць БССР), дзе пазней быў створаны буйны партызанскі атрад спецыяльнага прызначэння.
І першы адрас, куды накіраваўся Арлоўскі, – вёска Куляні (цяпер Ляхавіцкага раёна), дзе жыў былы разведчык і баец-аднапалчанін Пётр Савасцюк, ён і дапамагаў устанаўліваць сувязь з тутэйшымі жыхарамі, якія таксама ўліліся ў партызанскі атрад, прычым прыходзілі туды не з пустымі рукамі, а са зброяй. Напрыклад, толькі Іван Лабановіч прынёс у атрад ручны кулямёт, пяць вінтовак, некалькі гранат і сотні патронаў (кніга «Памяць. Ляхавіцкі раён»).
– Атрад «Сокалы» хоць і дыслацыраваўся ў Машукоўскім лесе, але даволі часта праводзіў баявыя аперацыя і рэйды на тэрыторыі сённяшняга Ляхавіцкага раёна, у прыватнасці ў ваколіцах Будаў, Тальмінавічаў, Гайнінца. Менавіта байцы атрада планавалі забойства гаўляйтара Кубэ яшчэ ў лютым 1942 года. І толькі тое, што гаўляйтар не паехаў у Машукоўскі лес на паляванне, а вярнуўся ў Мінск, выратавала яго ад смерці. У 1943 годзе атрад пад камандаваннем Кірыла Арлоўскага налічваў каля 350 чалавек. Рос атрад, раслі яго сувязі ў Баранавічах, Ляхавічах, Клецку, Ганцавічах, навакольных
вёсках, – вяртае ў ваенныя гады расказам кіраўнік музея баявой і працоўнай славы СШ № 2 Віталій Толкач.
На рахунку партызан «Сокалаў» – паспяховыя баявыя аперацыі па знішчэнні прамысловых аб’ектаў і воінскіх эшалонаў гітлераўцаў. Як жа горача і з радасцю сустракала народных мсціўцаў мясцовае насельніцтва. А некаторыя станавіліся сувязнымі, як, напрыклад, юнак з Заполля Аляксандр Гунько.
– Як толькі ў тутэйшых лясах, у тым ліку каля Заполля, Рагачоў, былі арганізаваны партызанскія атрады, адразу стаў сувязным. Трымаў сувязь з партызанамі атрада, якім камандаваў славуты Кірыл Арлоўскі…, – з успамінаў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Гунько (газета «Ляхавіцкі веснік»).
17 лютага 1943 года ў выніку ўдала праведзенай баявой аперацыі «Сокалы» знішчылі генеральнага камісара горада Баранавічы Фрыдрыха Фрэнча і іншых начальнікаў акупацыйнай улады, захапілі важныя дакументы і шмат зброі. Але чарговая партызанская перамога над ворагам была азмрочана – партызанскага камандзіра Кірыла Арлоўскага цяжка параніла, яму адарвала правую руку, а на левай – чатыры пальцы. Але мужнасць гэтага гераічнага чалавека не ведала межаў, ён працягваў кіраваць аперацыяй, пакуль не вывеў атрад у небяспечнае месца. У вёсцы Залужжа, лічы ў палявых умовах, яму зрабілі складаную аперацыю.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 20 верасня 1943 год за мужнасць і адвагу, праяўленыя ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі, Кірылу Арлоўскаму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. З-за цяжкіх фізічных пашкоджанняў Кірыл Арлоўскі не мог ваяваць, але мужны чалавек не скарыўся і ўсе свае сілы, энергію, вопыт арганізатара аб’яднаў для мірнай стваральнай працы, вярнуўся ў родную вёску аднаўляць разбураную вайной сельскую гаспадарку, узначаліў калгас «Чырвоны партызан». Калгас «Рассвет», дзе Кірыл Арлоўскі быў старшынёй, стаў першым у пасляваенным СССР калгасам-міліянерам. У 1958 годзе Кірыл Арлоўскі ўдастоены звання Герой Сацыялістычнай Працы. А пасля смерці Героя ў 1968 годзе
калгас «Рассвет» назвалі імем К. П. Арлоўс-
кага. Дарэчы, прататыпам галоўнага героя фільма «Старшыня» стаў менавіта былы партызанскі камандзір Кірыл Арлоўскі.
Праз 20 гадоў пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў Кірыл Арлоўскі зноў прайшоў партызанскімі сцежкамі, пабываў у Кулянях, Грушаўцы, Будах. Героя Савецкага Саюза і славутага камандзіра, якога ведалі пад псеўданімамі Мухі-Міхальскага, Аршынава, Вані, Рамана, Бязрукага, хлебам-соллю сустракалі жыхары Ляхавіччыны. Памяць пра Кірыла Арлоўскага і сёння жыве – яго імя носяць вуліцы ў Ляхавічах, Сваятычах, пра яго подзвігі расказваюць экспазіцыі школьных музеяў і, самае галоўнае, ён, як і іншыя героі той вайны – у нашай памяці.
Галіна КАНЬКО.