Ліпская кузня спартыўных майстроў. Калі гаварыць пра самую спартыўную школу Ляхавіцкага раёна, то гэта, безумоўна, Ліпская

Калі гаварыць пра самую спартыўную школу Ляхавіцкага раёна, то гэта, безумоўна, Ліпская. Яна была заснавана ў 1962 годзе, калі ў вёсцы паўсюдна гучаў дзіцячы смех, а напаўняльнасць класаў была больш
за 30 вучняў.

У гэтай вясковай школе выхавана плеяда майстроў спорту міжнароднага класа. Людміла Пастарнакевіч – пераможца першынства СССР сярод школьнікаў у кіданні кап’я, чатырохразовая пераможца першынства СССР сярод юніёраў, матчаў СССР – ГДР (г. Дрэздэн). У 1976 годзе заваявала першае месца на матчы СССР – ЗША сярод юніёраў у Таліне. У чэрвені 1976 года выканала нарматыў майстра спорту міжнароднага класа ў кіданні кап’я.
Гонарам Ліпскай СШ з’яўляецца і Вячаслаў Дыдышка. Яшчэ чацвёртакласнікам ён быў адабраны ў спецыялізаваную ўстанову для адораных дзяцей. У 16 гадоў стаў чэмпіёнам Беларусі па шахматах сярод дарослых! Адзінаццаціразовы чэмпіён Беларусі, міжнародны майстар (1982 год), гросмайстар (1995 год).
Яркай зоркай Ліпскай школы стаў Генадзій Валюкевіч – майстар спорту міжнароднага класа ў трайным скачку з разбегу, чэмпіён СССР сярод юніёраў (1977 год) і сярод дарослых (1979 год). Шматразовы чэмпіён СССР, уладальнік кубка СССР, пераможца матчаў СССР – ЗША, СССР – ГДР, уладальнік Кубка нацый (1982 год).
Дарогу ў вялікі спорт Людміле Пастарнакевіч і Генадзію Валюкевічу дапамог знайсці іх настаўнік фізкультуры Раман Адамавіч Ходар.
З гэтай надзвычай спартыўнай школай трывала асацыюецца яшчэ адзін настаўнік фізкультуры. Аляксандр Антонавіч Кірмель (на здымку) 42 гады выкладаў фізкультуру ў Ліпскай СШ – літаральна жыў спортам! Па рэйтынгу вышэйшых спартыўных дасягненняў Ляхавіцкага раёна (колькасць заслужаных майстроў спорту, майстроў спорту міжнароднага класа, майстроў спорту) Ліпская школа займае другое месца сярод устаноў адукацыі раёна. Аляксандр Кірмель падрыхтаваў шэсць майстроў спорту: Аляксандр Малевіч і
Андрэй Малевіч – у паўэрліфтынгу, Павел Кірмель – у ваенным шматбор’і, Сяргей Дзямід – у гіравым спорце, Арцём Гатоўчыц – у шматбор’і, Максім Вайшэвіч – у армрэстлінгу (Максім заняў пятае месца на чэмпіянаце свету сярод юніёраў).
Вялізную дапамогу школа аказвае ДЮСШ у фаміраванні зборных каманд па лёгкай атлетыцы. Выхаванка Аляксандра Кірмеля Аліна Русакевіч зараз навучаецца ў вучылішчы алімпійскага рэзерву ў Брэсце. Неаднаразова гонар раёна на абласных спаборніцтвах адстойвалі Марыя Дыдышка і Вячаслаў Піліпчык.
Усім, хто разумее каштоўнасць фізпадрыхтоўкі падрастаючага пакалення і дастойна яго забяспечвае, -– віншаванні са святам!

Валянціна РУСАКЕВІЧ, дырэктар ДЮСШ Ляхавіцкага раёна.