Сёлета ў “Чайцы” Ляхавіцкага раёна за пяць змен плануецца аздаравіць 395 дзяцей. Расклад змен і варыянты летняга адпачынку
Сёлета на летніх канікулах на Ляхавіччыне арганізаванымі формамі адпачынку будзе ахоплена больш за 900 дзяцей, расказала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік на апаратнай нарадзе, дзе заслухвалася пытанне арганізацыі аздараўлення дзяцей. Плануецца, што 340 хлопчыкаў і дзяўчынак прымуць лагеры з дзённым знаходжаннем, якія будуць працаваць у 11 установах адукацыі раёна (акрамя Начаўскай, Малагарадзішчанскай і Тухавіцкай СШ). Кошт пуцёўкі ў такі лагер у залежнасці ад узросту складзе ад 26 да 43 рублёў.
Сёлета ў “Чайцы” за пяць змен плануецца аздаравіць 395 дзяцей. Першая змена стартуе 3 чэрвеня і завершыцца 17 чэрвеня, другая – з 20 чэрвеня па 4 ліпеня, трэцяя – з 7 па 21 ліпеня. Чацвёртая змена будзе з 24 ліпеня па 7 жніўня і пятая – з 10 па 24 жніўня. Дарэчы, арганізаваны ад’езд аўтобуса на першую змену аздараўленчага лагера запланаваны на трэцяе чэрвеня 11 гадзін ад ГДК, а вяртанне з “Чайкі” назначана на 17 чэрвеня на 14 гадзін.
Навучэнцаў з СШ 1 і СШ №2 запрашае лагер працы і адпачынку, дзе куратарам працоўнай дзейнасці выступіць КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкае ЖКГ”. Для 14-17 гадовых падлеткаў арганізавана часовая працоўная занятасць згодна заключаных дагавораў з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. У пераліку работ добраўпарадкаванне школьных тэрыторый і культарна-значных аб’ектаў.
Навучэнцаў-спартсменаў традыцыйна запрашае лагер “Каласок” ДЮСШ, дзе першая змена пачнецца 3 чэрвеня і прадоўжыцца да 19 чэрвеня, а другая змена будзе працаваць з 5 па 21 жніўня. Бацькоўская даплата пятнаццацідзённага адпачынку ў залежнасці ад узросту складзе ад 35 да 65 рублёў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.