У школу з камфортам. У Першым рэгіёне пра гэта клапоцяцца
Установы адукацыі Брэстчыны на мінулым тыдні папоўніліся 25 новымі аўтобусамі. Два новыя МАЗы адправіліся ў аўтапарк аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама.
25 новенькіх школьных аўтобусаў маркі «МАЗ» у мінулую пятніцу адправіліся па розных раёнах Брэстчыны. Сярод іх дзве адзінкі
тэхнікі накіраваліся па ляхавіцкім маршруце. Намеснік старшыні аблвыканкама Вадзім Краўчук уручыў ключы ад аўтобусаў начальнікам аддзелаў па адукацыі райвыканкамаў у сімвалічным месцы – на мяжы Брэсцкай і Мінскай абласцей, дзе гасцей
сустракае скульптура магутнага зубра. Як жа прыгожа святочнай калонай да месца ўрачыстасці ехалі жоўтыя аўтобусы!
Кожны з МАЗаў разлічаны на 30 пасажырскіх месцаў, і едуць, лічы, толькі сышоўшы з канвеера. Сродкі на пакупку транспарту выдаткаваны з абласнога бюджэту.
– Усяго ў Брэсцкай вобласці для падвозу навучэнцаў ёсць 330 школьных аўтобусаў. Парк рэгулярна абнаўляем. У мінулым годзе набылі 71 аўтобус. У 2024-м плануем атрымаць каля 50, у тым ліку ад 25 з іх ключы ўручаем сёння. Асноўная мэта – забяспечыць даступнасць адукацыйнага працэсу незалежна ад таго, дзе размяшчаецца ўстанова адукацыі і жыве дзіця.
Бясспрэчна, у прыярытэце бяспека перавозак дзяцей, – падкрэсліў Вадзім Краўчук.
Сёння аўтапарк аддзела па адукацыі Ляхавіцкага раёна налічвае 19 адзінак аўтамабільнага транспарту.
– Такой абноўцы рады. Тым больш у школьным аўтапарку ёсць аўтобусы, у якіх дзесяцігадовы тэрмін эксплуатацыі падышоў да завяршэння, таму патрабуецца замена. З новага навучальнага года новыя аўтобусы выйдуць на свае маршруты. Для нас галоўнае – бяспека. Дзеці павінны даехаць да ўстаноў адукацыі і дадому бяспечна. А ў Год якасці гэта тэма гучыць яшчэ больш важна. Падвоз – гэта і плюс да якаснага і камфортнага працэсу атрымання адукацыі, – адзначыла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.
Варта адзначыць, што вызначэнне «школьны» толькі намінальнае. Аўтобусы падвозяць дзяцей у 21 установу адукацыі раёна: і ў дзіцячыя сады, і ў школы, і ў ЦКРНіР. Усяго падвозы ў гэтым навучальным годзе арганізаваны для 560 дзяцей.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.