Памяць – справа агульная. На Ляхавіччыне з’явіцца памятны знак спаленым у гады Вялікай Айчыннай вайны вёскам
Грамадзянская ініцыятыва па стварэнні памятнага знака спаленым вёскам перамагла ў конкурсе, ініцыяваным абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Тое, што сёлета на Ляхавіччыне з’явіцца памятны знак спаленым у гады Вялікай Айчыннай вайны вёскам, «ЛВ» ужо расказваў.
І гэта вельмі сімвалічна, што помнік нараджаецца ў значны для краіны і нашага раёна юбілей – 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У ліпені адзначыць гэтую дату і Ляхавіччына. Але і праз восем дзесяцігоддзяў, калі, на жаль, у нашым раёне ўжо не засталося ў жывых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, нашчадкі памятаюць, якой цаной заваяваны мір на нашай зямлі. І нашы дзеці, унукі, праўнукі павінны ведаць і пра гераізм абаронцаў Айчыны, і пра ўсенароднае адзінства, якое дапамагло выстаяць у барацьбе супраць акупантаў і перамагчы фашызм, і пра страшны лёс, які напаткаў сотні беларускіх вёсак, спаленых фашыстамі разам з жыхарамі…
– У чэрвені 1941 года была знішчана агнём вёска Марынова – адзін з 48 населеных пунктаў, спаленых акупантамі на тэрыторыі Ляхавіччыны. Вёска адрадзілася пасля вайны і засталася на карце раёна. Сёння прынята рашэнне, што побач з ёй – уздоўж аўтамабільнай дарогі рэспубліканскага значэння Р-43 – будзе
ўстаноўлены памятны знак, які стане напамінам усім сённяшнім і наступным пакаленням пра генацыд беларускага насельніцтва ў гады вайны, – расказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч. – Наколькі ведаем, у адрас абласнога Савета дэпутатаў паступіла дзесяць грамадзянскіх ініцыятыў. Чатыры з іх, у тым ліку наша, прайшлі адкрыты конкурсны адбор і атрымалі фінансаванне на рэалізацыю. Такім чынам, 80 650 рублёў на будаўніцтва помніка паступяць з бюджэту асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. І гэта, безумоўна, істотная падтрымка для рэалізацыі праекта, першая чарга якога ацэньваецца ў суму каля 106 тысяч рублёў. Мы спадзяёмся, што да справы будаўніцтва помніка далучацца і нашы нераўнадушныя землякі. Памяць – справа агульная.