Экзамен пачынаецца цэнтралізавана. Для праходжання першага цэнтралізаванага экзамена, які пройдзе 27 мая, зарэгістраваліся 135 чалавек

Другі год запар у Беларусі новы фармат уступных іспытаў – цэнтралізаваны экзамен па розных прадметах. Гэта першая і вельмі адказная прыступка для паступлення ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы.

– Вопыт мінулага года паказаў, што цэнтралізаваны экзамен больш камфортны і зручны. Калі раней выпускнікі сярэдніх школ абавязкова здавалі чатыры экзамены ў школе, потым праходзілі тэсціраванне па трох прадметах пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, то цяпер дастаткова здаць два ЦЭ і прайсці па адным вучэбным прадмеце тэсціраванне (для абітурыентаў ВНУ), а для абітурыентаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў дастаткова двух ЦЭ. Акрамя таго, выпускнікі паўдзельнічалі ў рэпетыцыйным цэнтралізаваным экзамене, які праходзіў у тых жа ўмовах што і непасрэдна ЦЭ. Лічу, гэта яшчэ больш падрыхтавала адзінаццацікласнікаў да здачы экзамена. Сёлетняе новаўвядзенне –
удзельнікі ЦЭ павінны быць на месцы не за адну гадзіну, як летась, а за 30 мінут – час для хвалявання зменшыўся, – расказвае галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Вольга Шкут.
Як і летась, па ўсёй краіне арганізаваны пункты для правядзення ЦЭ, на Ляхавіччыне – гэта зноў жа гімназія.
– Арганізаваны падвоз рабят у гімназію на школьных аўтобусах з усіх
сярэдніх школ, замацаваны суправаджальнікі. У дзень правядзення ЦЭ задзейнічаны педагогі школ раёна і аграрнага каледжа. Перад уваходам у гімназію будзе ўстаноўлены спецыяльны стэнд з усёй неабходнай інфармацыяй, у тым ліку спісам тых, хто зарэгістраваўся на ЦЭ. Уваход у гімназію – строга па пашпарце і спецыяльных пропусках для дзяцей і педагогаў. Бацькам уваход забаронены. Папярэдне памяшканне праверылі супрацоўнікі РАНС, РАУС, райЦГіЭ. У дзень правядзення ЦЭ арганізавана работа буфета, дзяжурства міліцыі, выратавальнікаў, медработніка, – адзначае Вольга Шкут.
У аддзеле па адукацыі райвыканкама расказалі, што для праходжання першага цэнтралізаванага экзамена – па розных школьных прадметах, які пройдзе 27 мая, зарэгістраваліся 135 чалавек, з якіх 133 – выпускнікі 2023/2024 года і два экстэрны.
39 чалавек будуць здаваць біялогію, 36 – матэматыку, 14 – гісторыю Беларусі, 13 – хімію, 13 – англійскую мову, 12 – грамадазнаўства, 4 – фізіку, 3 – геаграфію, 1 – нямецкую мову. 30 мая выпускнікоў і экстэрнаў чакае чарговы ЦЭ – па беларускай і рускай мовах.
Вольга Шкут нагадала, што інфармацыю пра вынікі ЦЭ можна атрымаць на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў у раздзеле «ЦЭ», а сертыфікат удзельніку выдадуць ва ўстанове адукацыі, дзе школьнік вучыўся, пад роспіс пры прад’яўленні дакумента, які сведчыць асобу.

Галіна КАНЬКО.