Якасць і колькасць: крок за крокам. Жывёлагадоўля Ляхавіцкага раёна месяц за месяцам нарошчвае асноўныя вытворчыя паказчыкі

Па выніках работы першага месяца 2024 года, напрыклад, валавую вытворчасць малака ляхавіцкія жывёлаводы паднялі амаль
на 14 працэнтаў у параўнанні з мінулым годам. Узятая ў студзені тэндэнцыя захавалася і надалей. Больш таго, атрымала прагрэсіўную дынаміку: па выніках лютага ляхавіцкі малочны вал павялічыўся
на 17,5 працэнтнага пункта.

Квартальная прыбаўка вырасла да 18,1 працэнта. Узяты на старце года дынамізм прадоўжыўся і ў красавіку.
Колькасць колькасцю, аднак вельмі важнае значэнне мае якасны складнік прадукцыі. У адносінах да малака з вялікай доляй
упэўненасці можна заяўляць, што яго першы гатунак з’яўляецца амаль што бракам. Прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці з такой сыравінай, канешне, працуюць. А вось плацяць малакавытворцам за іх першагатунковы тавар істотна менш, чым за
экстру.
На працягу першага квартала жывёлагадоўля Ляхавіччыны мела ад-
моўны ў параўнанні з мінулым годам паказчык продажу малака гатункамі экстра і вышэйшым.
Пераломным стаў красавік, па выніках якога ўдзельная вага малака, рэалізаванага гатункамі экстра і вышэйшым дасягнула 91,3 працэнта і тым самым на дзве дзясятыя працэнтнага пункта перавысіла аналагічную лічбу чатырох месяцаў года мінулага.
Больш іншых якасна прыбавіла ААТ «Шлях новы» – 12,2 працэнта да ўзроўню 2023 года.
«Умацавалася» ў тройцы гаспадарак раёна, якія гандлююць малаком выключна двух самых высокіх катэгорый гатунковасці ААТ «Нача». Кампанію ў гэтым ім складаюць СУП «Ліпнянка» і ЗАТ «Белпрампрыбор».
Па аператыўнай інфармацыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама, за чатыры месяцы года сукупная вытворчасць малака ў сельскагаспадарчых арганізацыях Першага рэгіёна павялічылася на 9,6 працэнта. Характэрна, што выраслі ў гэтым напрамку ўсе 16 раёнаў. Самую імклівую дынаміку дэманструе Ляхавіцкі раён, дзе рост вытворчасці малака за гэты перыяд склаў 18,8 працэнта.
Валавая вытворчасць малака наблізілася да 23 тысяч тон. Удой сярэдняй ляхавіцкай каровы за красавік павялічыўся на больш як два з паловай цэнтнеры і склаў 2 181 кілаграм.
У разрэзе сельгаспрадпрыемстваў найбольшай удойнасцю вызначаюцца каровы ЗАТ «Белпрампрыбор», СВК «Ляхавіцкі» і СУП «Ліпнянка». Названае апошнім сельгаспрадпрыемства пакуль ідзе з даволі істотным адставаннем ад двух першых.
Аднак удойнасць ліпнянскіх рагуль падымаецца крок за крокам і месяц за месяцам.
Адзначаючы лепшы сярод раёнаў Брэсцкай вобласці тэмп росту валавой вытворчасці малака ў гаспадарках Ляхавіччыны, будзе правільным удакладніць наступнае: наша база, мяжа, ад якой гэта самая дынаміка і адлічваецца, з’яўляецца адной з самых нізкіх у Першым рэгіёне. Трэба думаць і спадзявацца, што гэта – пакуль.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.