Свята з ноткай суму ў Востраўскай школе. Як прайшло свята апошняга званка ў Востраўскай СШ Ляхавіцкага раёна


У жыцці абсалютна ўсіх вучняў, рана ці позна настае момант, калі яны апошні раз чуюць залівісты і да болю прыемны гук школьнага званка. Сёння такі дзень адбыўся ў вучняў, а дакладней, у выпускнікоў Востраўскай сярэдняй школы. Менавіта ў гэтую сонечную суботу спрытныя хлопцы і прыгожыя дзяўчаты зрабілі першы крок да дарослага жыцця. Далей ідуць наступныя крокі такія як экзамены, выпускны і, нарэшце, паступленне. Свята апошняга званка асаблівы дзень і для вучняў школы, і для настаўнікаў, бо ўжо зусім блізка адпачынак і летнія дні. Але сёння галоўныя героі яны – выпускнікі.

У гэты дзень адзінаццацікласнікі  пачулі  шмат добрых слоў і наказаў. Пэўныя пажаданні  атрымалі ад дырэктара СШ – Буцько Віктара Іосіфавіча, а таксама ад галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі райвыканкама Зубік Таццяны Тадэвушаўны.
Востраўская школа не ўмее адпускаць сваіх вучняў без святочнай праграмы. У гэтым годзе яе ўпрыгожваннем стаў флэшмоб, арганізаваны, у тым ліку, самімі выпускнікамі. Менавіта гэтым танцам яны пакінулі прыгожы і яркі след у жыцці школы. Ім хочацца запомніцца, таму што 2024 год стаў апошнім для вучняў, якія заўсёды абаранялі статус установы адукацыі як на творчых, так і спартыўных спаборніцтвах. Але такіх таленавітых, спрытных і вельмі вясёлых дзяцей школа забудзе яшчэ не хутка.
Атрымаўшы шмат шчырых і прыемных пажаданняў, ад бацькоў, адміністрацыі, першакласнікаў і гасцей, выпускнікі адправіліся ў свой светлы шлях, які скарэй за ўсё будзе нялёгкі, але маючы такую падтрымку ад усёй школы яны пройдуць праз любыя цяжкасці. Няхай надыходзячыя экзамены і выпускны запомняцца адзінаццацікласнікам не менш за сённяшні дзень, які ў іх жыцці ўжо ніколі не паўторыцца.

Данііл ЗЕЛЯНЕЎСКІ,студэнт факультэта журналістыкі БДУ.