Прафсаюзная пярвічка СШ №1 перамагла ў рэспубліканскім конкурсе на лепшы маладзежны праект і ў СШ № 1 адкрыўся школьны тэатр “Батлейка з-пад Ляхавіч»
Прэм’ерным паказам спектакля “Унучка Ульянка” адкрыўся ў СШ № 1 школьны тэатр “Батлейка з-пад Ляхавіч“.
Рэалізацыя праекта “Батлейка з-пад Ляхавіч“ стала магчымай, дзякуючы перамозе пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі СШ №1 у рэспубліканскім конкурсе на лепшы маладзежны праект сярод пярвічных прафсаюзных арганізацый устаноў адукацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.
Праект ажыццяўляўся на сродкі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі творчай групай, у склад якой увайшлі прафсаюзныя актывісты і вучні школы.
Прафсаюзная моладзь Васілій Лемяшэўскі і Ксенія Палуян працавалі над вырабам корпуса батлейкі, што патрабавала асаблівай дакладнасці, спецыяльных навыкаў.
Вучні школы пад кіраўніцтвам настаўніка Святланы Кендыш дэкарыравалі батлеечную скрыню ў нацыянальных традыцыях. Настаўнік працы Іна Бортнік і дзяўчынкі 11 класа займаліся пашывам лялек.
Падборам рэпертуару і работай з акцерамі займалася Таццяны Абражэвіч – кіраўнік праекта.
Яркая, прыгожая, інтэрактыўная – батлейка захоплівае і факусіруе ўвагу дзяцей, бо цесна звязана з ролевой гульнёй і ўтрымлівае ў сабе элементы розных відаў творчасці.
Пасля спектакля шчаслівымі былі ўсе:выканаўцы і гледачы, дзеці і дарослыя, многія з якіх бачылі батлеечнае прадстаўленне ўпершыню. Артыстаў доўга не адпускалі, падыходзілі, дзякавалі, з захапленнм разглядалі лялек,распытвалі аб стварэнні спектакля, прасілі патрымаць лялькі, фатаграфаваліся на памяць.
У перспектыве батлеечны тэатр стане мабільным і з верасня пачне падарожнічаць са спектаклямі па дзіцячых садках, а для дзяцей асаблівага клопату плануецца правесці акцыю “Казка ў кожны дом”.
У планах з мэтай распаўсюджвання вопыту і арганізацыя ва ўстановах адукацыі раёна батлеечных мерапрыемстваў для педагогаў і бацькоў, супрацоўніцтва з рэсурсным цэнтрам па духоўна-маральным выхаванні Дараўская СШ.
Сёння неабходна, як ніколі, захаваць і развіваць дзейсны сродак далучэння да народнай культуры, унікальную, самабытную традыцыю беларусаў, якая павінна стаць па-сапраўднаму беларускай нацыянальнай каштоўнасцю.
Члены прафсаюза СШ №1, навучэнцы шчыра ўдзячны дапамозе ў рэалізацыі праекта старшыні галіновага прафсаюза Людміле Буцько.
Таццяна АБРАЖЭВІЧ, старшыня прафсаюзнай пярвічкі СШ№1 настаўнік беларускай мовы і літаратуры.